Нафтавыя пагадненні абараняюць Пуціна ад санкцый


Тым, хто лічыць, што эканамічны ціск на Расею неяк можа паўплываць на знешнюю палітыку Крамля і на сітуацыю ўва Украіне, зірніце на спіс кантрактаў, якія сёлета падпісаў расейскі нафтавы гігант «Раснафта», прапануе вядучы сусветны правайдэр фінансавай інфармацыі «Bloomberg».

Кіраўнік «Роснафты» Ігар Сечын – блізкі аднадумца расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, (у сувязі з палітыкай Крамля ўва Украіне трапіў у спіс асобаў, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ЗША), актыўна абараняе сваю кампанію ад магчымага пашырэння санкцый з боку ЗША.

14 ліпеня «Роснефть» абвясціла, што ўкладвае $ 500 млн. у актывы кампаніі «Weatherford International plc, што займаецца тэхналогіямі свідравання ў Расеі і Венесуэле. Кантракт Сечына з «Weatherford» – гарантыя таго, што расейскія праекты не спыняцца нават у тым выпадку, калі Злучаныя Штаты вырашаць накласці забарону на імпарт у Расію амерыканскіх тэхналогій бурэння.

Нядаўняе набыццё расейскім нафтавым гігантам 26,2 % акцый італьянскай кампаніі «Pirelli & C. SpA» стварае моцны прарасейскі фронт у колах італьянскага бізнесу, піша эксперт «Bloomberg». Ўплывовыя італьянскія бізнесмены, ведаючы пра $21 млрд. наяўнымі, якімі валодае расейская кампанія, будуць супраціўляцца спробам Еўразвяза ужыць супраць Расеі сурёзныя санкцыі.

Гарантыю брытанскага лобі Сечын атрымаў і ў кампаніі «ВР». Сёлета кампанія дала згоду на набыццё ў «Раснафты» нафтапрадуктаў на $ 1,5 млрд. на ўмовах перадаплаты. Такая схема аўтаматычна робіць з «ВР» расейскага лабіста ў ЕЗ. Паколькі еўрапейскія санкцыі ў адносінах да Масквы – пагроза не атрымаць той тавар, за які «ВР» ужо заплаціла.

Што б Пуцін ні зрабіў ува Украіне, амерыканскай адміністрацыі будзе цяжка пераканаць ЕЗ і ўвесці жорсткія санкцыі супраць Расе, разважае аналітык уплывовага агенцтва фінансавай інфармацыі. У Захаду больш шанцаў заключыць цынічную дамову з Пуцінам, па якой ён атрымае пэўны кантроль над Украінай, чым прымусіць яго спыніць дэстабілізацыю абстаноўкі ў гэтай краіне.

Нагадаем, што сёння а 20:00 у Бруселі, ЕЗ будзе абмяркоўваць пытанне пашырэння санкцый супраць Расеі. Лідары Еўразвязу прапануюць абмежаваць інвестыцыі ў анексаваны Крым і заблакаваць фінансаванне расейскіх праектаў па лініі «Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця» і «Еўрапейскага інвестыцыйнага банку», паведамляе «The Wall Street Journal».

Па інфармацыі аналітыкаў «Bloomberg» у клуб еўрапейскіх краін, што выступаюць супраць увядзення жорсткіх санкцый уваходзіць: Італія, Славакія, Аўстрыя, Францыя, Грэцыя.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў