217 чалавек пацярпелі ў крушэнні цягніка ў маскоўскім метро, 22 загінулі


217 чалавек пацярпелі ў аварыі ў маскоўскім метро, з іх 56 – у цяжкім і вельмі цяжкім стане, паведамляе «Интерфакс» са спасылкай на крыніцу ў экстранных службах расейскай сталіцы.

Некаторыя пацярпелыя былі накіраваныя на амбулаторнае лячэнне, але большасць людзей былі шпіталізаваныя. Дагэтуль у шпіталях застаюцца 150 чалавек.

Аварыя адбылася 15 ліпеня. На перагоне паміж станцыямі «Парк Перамогі» і «Славянскі бульвар» тры вагоны сышлі з рэек. Ахвярамі сталі 22 чалавекі, 20 з іх памерлі на месцы здарэння.

Сярод пацярпелых жыхары 12 расейскіх рэгіёнаў і грамадзяне пяці дзяржаваў: Украіны, Малдовы, Таджыкістану, Узбекістану і Кыргызстану.

Следчы камітэт Расеі разглядаў некалькі версіяў трагедыі, сярод якіх былі няспраўнасць вагона, прасяданне палатна, дэфект рэек. Цяпер паводле следства, прычынай аварыі стаў дрэнна замацаваны стрэлачны механізм. Першымі падазраванымі сталі служачыя «Маскоўскага метрапалітэну» Валерый Башкатоў і Юрый Гардоў. Працаўнікі метро, якія былі адказныя за кантроль рамонтных працаў на участку, прызналіся на допыце, што не праверылі стану стрэлкі.

Сёння ў Маскве абвешчаная жалоба.

Чытайце таксама: Тэхнагеннасць ці карупцыя?

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў