Расея ўжо ў тваім доме. Больш паловы кабельных каналаў у Берасці – расейскія


Чаму беларусам не даюць глядзець украінскія каналы – як тлумачацца ўлады Беларусі?

Хто адключыў украінскія каналы?

Берасцейцаў месяц таму пакінулі без украінскіх тэлеканалаў, а яшчэ раней адключылі польскае тэлебачанне. Пытаннем, чаму так адбываецца, зацікавілася жыхарка Берасця Ірына Лаўроўская.



«У Берасці былі даступныя ўкраінскія каналы «1+1», «Інтэр» і «ТСН», — распавяла спадарыня Ірына. — Месяц таму каналы зніклі. Я патэлефанавала ў прыёмную майго кабельнага аператара, дзе мне патлумачылі, што робяць усё магчымае, каб хутчэй вярнуць каналы ў беларускую інфармацыйную прастору. Мяне запэўнілі, што фірма зрабіла ўсё належнае і своечасова скіравала дакументы ў Міністэрства інфармацыі Беларусі і чакае адказу».

Але праз месяц украінскіх каналаў усцяж нельга было глядзець. Жанчына зноў пазваніла ў фірму, дзе ёй адказалі, што ад іх нічога не залежыць – усё ў руках Міністэрства інфармацыі.

Спадарыня Ірына звязалася з ведамствам. «Жанчына, якая ўзяла слухаўку не прадставілася, – расказала берасцейка. – Але паведаміла, што гэта ўкраінскі бок не падаў патрэбных дакументаў».

Ці расейскія каналы склалі патрэбныя дакументы?

Жыхарка Берасця перапытала, ці ўсе неабходныя дакументы склалі іншыя каналы, напрыклад, расейскія, праз якія ў Беларусь трапляе расейская прапаганда і апраўдваецца агрэсіўная палітыка Пуціна. Працаўніца Міністэрства інфармацыі занервавалася, але адказала, што з дакументамі ў тых каналаў усё ў парадку, адзначыла спадарыня Ірына. «На маё пытанне пра інфармацыйную палітыку Беларусі прадстаўніца міністэрства пачала распавядаць, што калі б каналы былі ў Англіі, працэдура была б той самай. У гэтым я сумняюся, бо палітычная матываванасць адключэння для мяне відавочная».

У Міністэрстве інфармацыі Беларусі зняпраўдзілі версію адключэння ўкраінскіх каналаў паводле палітычных матываў. «Мы зыходзілі з пастановы Савету Міністраў РБ № 1139 ад 26 снежня 2013 года, — заявілі ў міністэрстве журналісту belsat.eu. — У дакуменце выразна прапісана, што трэба зрабіць, каб мець магчымасць весці вяшчанне на тэрыторыі Беларусі. Украіна не падала дзеля гэтага поўны пералік дакументаў, што, да прыкладу, зрабілі Расея, Швецыя і Нямеччына. Калі будуць выкананыя ўмовы беларускага заканадаўства, тады цалкам магчыма, што ўкраінскія каналы вернуцца ў сетку кабельных аператараў».

З 59 кабельных каналаў, якія прапануюць у Берасці, – 32 транслююць з Расеі

Украінскія каналы можна было глядзець праз кабельнае тэлебачанне перадусім у Гомельскай і Берасцейскай вобласцях. Цяпер доступ да іх можна атрымаць, бадай, толькі з дапамогай спадарожнікавай антэны.

Кабельны аператар «Элсат», да прыкладу, прапануе берасцейцам 59 каналаў, прычым усе яны працуюць на расейскай мове. З іх 32 (!) транслююць непасрэдна з Расеі. Яшчэ 6 – афіцыйныя беларускія (Беларусь 1, Беларусь 2, Беларусь 3, Беларусь 5, АНТ і СТВ) і 2 рэгіянальныя (якія ў змесце мала чым адрозніваюцца ад агульнадзяржаўных).

«Белсат» патэлефанаваў у кампанію «Элсат», дзе паведамілі, што фірма працуе ў беларускім прававым полі і была вымушаная адключыць украінскія каналы пасля таго, як гэтага запатрабавала Міністэрства інфармацыі.

«Мы ж тут нічога не зможам зрабіць. І ведаеце, вы першы хто нам патэлефанаваў у гэтым пытанні. Нашых кліентаў задавальняюць каналы, якія мы прапаноўваем», – патлумачылі ў кампаніі «Элсат».

Медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі лічыць, што Беларусь у значнай ступені знаходзіца ў расейскім інфармацыйным полі. «Паводле сацыялагічных апытанняў, не менш за 2/3 інфармацыі пра падзеі ва Украіне жыхары Беларусі бралі ў расейскіх крыніцах, – адзначыў адмысловец. – Іншае пытанне, што беларускія ўлады кантралююць каналы камунікацыі і ў стане адключыць ад трансляцыі любы тэлеканал, акрамя спадарожнікавых. Расейская прапаганда ў дадзеным выпадку не ўспрымалася беларускім кіраўніцтвам як варожая, таму яе не спынялі. Свае ж заявы беларускія ўлады рабілі больш абачліва, праўда, у ААН галасавалі так, як трэба Маскве».

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў