Чарговыя ачагі свіной чумы?


Без пільнага кантролю міліцыі ўезд і выезд забароненыя. Такое відовішча нашыя журналісты заспелі ў вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёну Гомельшчыны. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у паселішчы і ваколіцах зафіксавалі новыя выпадкі афрыканскай чумы свіней.

НІНА МАКСІМЕНКА, ЖЫХАРКА В. КАЗАЦКІЯ БАЛСУНЫ:

“На калодзежы павесілі аб’яву, што афрыканская чума свіней, і патруль паставілі”.

У Веткаўскай раённай ветстанцыі наяўнасці небяспечнай хваробы жывёлінаў у раёне афіцыйна не прызнаюць – маўляў, існуюць толькі падазрэнні. Але нягледзячы на гэта, са словаў жыхароў Казацкіх Балсуноў, людзей папярэджваюць аб небяспецы і кажуць масава забіваць свіней.

НІНА МАКСІМЕНКА, ЖЫХАРКА В. КАЗАЦКІЯ БАЛСУНЫ:
“На гэтым тыдні пасля выходных будуць хадзіць ці ездзіць, правяраць. Некаторыя ўжо прыхавалі свіней. Справа можа нават да суда дайсці, каб толькі не было свіней!”

Усё гэта пасеяла паніку сярод мясцовых жыхароў. Адны не разумеюць – чаму трэба ліквідаваць свінагадоўлю ў сярэдзіне лета?

МАРЫЯ КАРПЕНКА, ЖЫХАРКА В. КАЗАЦКІЯ БАЛСУНЫ:
“У мяне ж ёсць, чым карміць: і бульбачка, і мука, і агарод вялікі насеяла”.

Іншыя ўжо страцілі ўсіх свіней у выніку не названай абласнымі ветэрынарамі хваробы.

МІКАЛАЙ ВАСІЛЕНКА, ЖЫХАР В. КАЗАЦКІЯ БАЛСУНЫ:
“Яны перасталі есці, пасля былі нібыта паралізаваныя, карабкаліся – і прапалі”.

Мясцовы жыхар Мікалай Васіленка, каб хутка ліквідаваць крыніцу інфекцыі, вымушаны быў спаліць свой хлеў. Але і так пачаць гадаваць свіней яму дазволяць не хутка. Паводле ягоных сваякоў…

МАРЫЯ ВАСІЛЕНКА, ЖЫХАРКА В. КАЗАЦКІЯ БАЛСУНЫ:
“Паспяшаліся! Гэта ж убыткі людзям. Мы працуем за паўтара мільёна. Як жыць? Майму брату сказалі, што цэлы год яму нельга будзе трымаць свіней”.

Адметна, што для Дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага дагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Іўеўскі раён афіцыйна застаецца белаю плямаю на мапе магчымых пагрозаў і спосабаў барацьбы з эпідэміяй афрыканскай чумы свіней. Асветленая намі сітуацыя выклікала ва ўстанове здзіўленне.

ІРЫНА ЦАРЫК, ДЭПАРТАМЕНТ ВЕТЭРЫНАРНАГА ДАГЛЯДУ:
“Я не маю інфармацыі пра Веткаўскі раён. Вы патэлефанавалі, я зараз буду ўдакладняць. У нас афіцыйна зарэгістраваныя толькі два ачагі хваробы”.

Але не выключана, што такіх ачагоў у Беларусі ўжо больш. Што можна сказаць пэўна, іх колькасць павялічылася ў нашых бліжэйшых суседзяў. У мінулым месяцы новую крыніцу захворвання жывёлінаў выявілі ў Смаленскай вобласці Расеі.

Ян Бабіцкі, belsat.eu

https://youtu.be/ltxq1Fb9aas

Глядзі таксама
Каментары