У Бабруйску судзяць сына вядомага блогера


Абвінавачанне патрабуе для Аляксея Жалнова чатыры гады калоніі. Яго бацька лічыць гэта помстай за актыўную блогерскую дзейнасць і фіксацыю парушэнняў закону супрацоўнікамі міліцыі.

25-гадоваму Аляксею інкрымінуецца парушэнне артыкула 364 КК РБ «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да працаўніка міліцыі», паведамляе «Baj.by».

Ён абвінавачваецца ў тым, што 4 верасня 2013 года, калі яго разам з бацькам затрымалі супрацоўнікі ДАІ УУС Бабруйскага гарвыканкама (на думку праваабаронцаў – незаконна), ён прычыніў лёгкія цялесныя пашкоджанні капітану міліцыі Аляксандру Бутоўскаму (нібыта ўдарыў яго па галаве). У медыцынскіх дакументах зафіксавана, што «траўму» міліцыянт атрымаў на вуліцы, а на судзе Бутоўскі казаў, што гэта адбылося ў будынку ДАІ.

Паводле Алега Жалнова (бацька Аляксея), справа мае абвінаваўчы ўхіл. Як адзначае блогер, хадайніцтвы Аляксея адхіляюцца, а пытанні, «нязручныя» для капітана Бутоўскага і яго сведак, здымаюцца пракурорам. Суддзя Юлія Беразюк кожны раз падтрымлівае бок абвінавачвання.

Аляксею Жалнову пагражае пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Наступнае судовае пасяджэнне прызначана на 18 ліпеня.

Нагадаем, што у верасні 2013 г. бацька і сын Жалновы зафіксавалі на відэа парушэнне правілаў дарожнага руху (незаконная паркоўка) супрацоўнікамі міліцыі і звярнуліся з гэтай нагоды з вуснай заявай да работнікаў ДАІ.

{movie}Адзін з відэаролікаў Алега Жалнова|right|17435{/movie}

У выніку абодвух затрымалі. У студзені 2014 г. супраць Аляксея Жалнова распачалі крымінальную справу. Праваабаронцы адзначаюць, што метады, якія прымяняюцца супраць Жалновых, вядомыя з савецкіх часоў, калі для таго, каб пасадзіць «непажаданага» чалавека, дастаткова абвінаваціць яго ў нападзе на супрацоўніка міліцыі ці пашкоджанні яго формы.

Чытай таксама: За ролік у інтэрнэце бабруйскаму блогеру могуць даць 3 гады турмы

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў