Двое беларусаў загінулі на камчацкім вулкане, сарваўшыся з ледніка


Расейскія следчыя пачалі расследаванне гібелі двух беларускіх турыстаў на вулкане Камень на Камчатцы.

«Высветлена, што турысты былі звязаныя паміж сабой альпінісцкім рыштункам. Паводле папярэдняй версіі, адзін з мужчынаў, сарваўшыся з ледніка, пацягнуў за сабой свайго напарніка, у выніку чаго абодва ўпалі з вышыні», – гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэту Расеі.

Па звестках ведамства, праз непагадзь целы загінулых пакуль немагчыма спусціць з вулкана. «Калі целы даставяць на зямлю, будзе праведзены іх агляд і прызначаныя неабходныя экспертызы дзеля ўстанаўлення прычынаў смерці», – сказана ў паведамленні.

Целы двух альпіністаў выратавальнікі знайшлі на ўсходнім схіле вулкана Камень у Усць-Камчацкім раёне 14 ліпеня. Загінулыя знаходзіліся на вышыні каля 3,5 км. Гэтыя турысты адпачывалі ў раёне Ключэўскай групы вулканаў у складзе групы з васьмі чалавек, якія прыехалі на Камчатку з Беларусі. У сераду раніцай яны ўдваіх адправіліся здзяйсняць узыходжанне на вулкан Камень і прапалі. Шасцёра альпіністаў, якія засталіся, не змаглі самастойна знайсці таварышаў ды звярнуліся па дапамогу да выратавальнікаў у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У раён здарэння вылецеў верталёт з выратавальнікамі на борце, якія і знайшлі целы.

Старажытны патухлы вулкан Камень, вышыня якога складае 4 тыс. 585 метраў, знаходзіцца ў 30 км ад селішча Ключы Усць-Камчацкага раёну.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў