У Беларусі знайшлі пенсіянера-доларавага мільянера


Падатковая інспекцыя выявіла прыкладна 6,3 тысячы беларусаў, якія жывуць не па сродках.

Гэта вынікі за мінулы год і пяць месяцаў бягучага. Сёлета падаткавікі прыцягнулі да адказнасці 1,3 тысячы чалавек, летась – прыкладна 5 тысяч. Сярод гэтых людзей ёсць пенсіянеры і беспрацоўныя, распавяла «Советской Белоруссии» намесніца начальніка галоўнай управы падаткаабкладання фізічных асобаў міністэрства па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка.

Вядзецца правяранне, адкуль пенсіянер знайшоў грошы, каб набыць з 2012 да 2013 года амаль $ 5 мільёнаў. У іншых паказальных выпадках фігуруюць значна меншыя сумы. Напрыклад, беспрацоўную, якая за два гады набыла ў банках $ 75 тысячаў і не змагла назваць крыніцу прыбыткаў, прымусілі заплаціць больш за $ 2 тысячы падаходнага падатку.

Усім, хто не змог патлумачыць, адкуль узялі сродкі, каб набыць валюту, давялося заплаціць дзяржаве 12% падаходнага падатку, пеню і штраф (сёлета агулам – прыкладна $ 540 тысячаў, летась – прыкладна $ 1 мільёна).

Звесткі пра колькасць валюты, набытай грамадзянамі, ахоўваецца банкаўскаю таямніцай, але ў Беларусі гэты панятак вельмі ўмоўны. Доступ да гэтай інфармацыі маюць шмат якія дзяржаўныя органы, а з 1 студзеня 2015 года ён мае пашырыцца ў сувязі са зменамі Падатковага кодэксу.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў