Папа Францішак: Я знайду развязанне праблемы бязжэнства святароў


Папа Рымскі паабяцаў пераадолець праблему цэлібату (бязжэнства) каталіцкіх святароў.

Пантыфік паведаміў пра гэта ў гутарцы з вядомым італьянскім журналістам, заснавальнікам рымскай газеты «Repubblica» Эўджэньё Скальфары (Eugenio Scalfari).

Францішак нагадаў, што цэлібат «увялі ў Х стагоддзі, гэта значыць 900 гадоў праз пасля смерці нашага Госпада». «Праблема, вядома, існуе, але не настолькі маштабная. Патрабуецца час, але рашэнні існуюць, і я знайду іх», – сказаў кіраўнік Касцёлу. Цэлібат называюць сярод прычынаў спаду колькасці ахвотных стаць святарамі.

На думку Папы, дзве «найбольш прынцыповыя праблемы», з якімі нельга мірыцца ў сучасным грамадстве, – гэта педафілія і мафія. Гаворачы пра педафілію, Францішак падкрэсліў, што цяпер «гэтая ганьба – у нашым доме». «Шмат хто з маіх супрацоўнікаў лічыць, што можна верыць звесткам, паводле якіх педафілія ў Касцёле дасягае 2 %… Гэта значыць, што 2 % педафілаў ёсць святарамі і нават біскупамі ды кардыналамі. А іншыя, яшчэ больш шматлікія, ведаюць, але маўчаць», – заявіў галава каталікоў.

Францішак 7 ліпеня ўпершыню з моманту свайго абрання на Апостальскі пасад сустрэўся ў Ватыкане з ахвярамі сексуальнага гвалту з боку святароў і папрасіў у іх прабачэння. Айцец таксама закрануў тэму мафіі. «Мы будзе выкрываць мафію безупынна», – запэўніў пантыфік, які ў чэрвені падчас пастырскай візітацыі Калабрыі заявіў, што мафіёзі адлучаныя ад Касцёлу.



МЯ, belsat.eu, паводле korrespondent.net

Стужка навінаў