Чаму Лукашэнку называюць «бацькам»? Разважае блогер Яўген Ліпковіч


Тэрмін «бацька» ў дачыненні да кіраўніка Беларусі з’явіўся не ў народзе, лічыць вядомы беларускі блогер Яўген Ліпковіч.

Упершыню спадар Яўген сутыкнуўся з характарыстыкаю Лукашэнкі як бацькі ў інтэрв’ю самога кіраўніка краіны «Народнай газеце» ў 1994 годзе. Тады новаабраны прэзідэнт сам сказаў, што яго «ў народзе называюць бацькам».

«Гэта быў цудоўны піяр-прыём. Ён [Лукашэнка – belsat.eu] гэта нібы сам увёў, і гэта пайшло», – адзначае блогер.

Што ж трэба разумець пад азначэннем «бацька»? «Гэта тое, што адклалася на той час у электараце, – лічыць спадар Яўген. – Быў такі цудоўны фільм пад назваю «Ад’ютант яго эксцэленцыі» (Адъютант его превосходительства). Там быў бацька Анёл, у якога на тачанцы быў надпіс: «Бі чырвоных, пакуль не пабялеюць, бі белых, пакуль не пачырванеюць. Я думаю, што гэты «бацька» быў узяты менавіта адтуль. «Бі БНФ, пакуль яны не стануць камуністамі, і бі камуністаў, пакуль яны не стануць БНФаўцамі» – вось нібы такая адаптацыя».

Іншыя ж мянушкі Лукашэнкі кшталту «сонцападобны», «лысы» і «вусаты» ўзніклі як іранічныя, мяркуе блогер. «Імперыяй кіруюць гучнымі словамі. І гэтыя гучныя найменні кшталту «бацька» і «сонцападобны» мусяць быць. Добра, што мы з матам гэтага не робім, як гэта ёсць у выпадку Пуціна. Я бачу, што ён яшчэ не крыўдзіцца».

У Расеі дзяржава – гэта «яно», неспасціжнае, жахлівае, страшнае, імперскае, дзе «дурні і дарогі», а для беларусаў дзяржава – гэта «ён», прычым усе ведаюць, хто гэты «ён», заўважае спадар Яўген. На ягоную думку, складанае і супярэчлівае стаўленне беларусаў да Лукашэнкі выяўляецца ўва ўсіх гранях найменняў лідара краіны – ад «бацькі» да «лысага».

«Януковіч мае карані з Беларусі і павёў сябе як беларус ва Украіне. А Лукашэнка каранямі з Украіны і павёў сябе ў Беларусі як сапраўдны ўкраінец. Я разумею, што гэта, вядома, крыўдна, але гэта праўда. З гэтым трэба змірыцца», – заклікаў блогер.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары