Як начальства напаўняе кішэні – у Берасці замест камунальнікаў былі "мёртвыя душы"


Фікцыйныя працаўнікі атрымлівалі рэальныя заробкі. Як выявіла маштабная праверка ЖКГ Камітэтам дзяржкантролю Берасцейскай вобласці, “мёртвыя душы” – гэта не адзіны спосаб, якім зараблялі камунальнікі. Працаўнікі ЖКГ не толькі прыпісвалі колькасць аплачваных гадзінаў працы, але і ў службовы час ездзілі за мяжу.
КАМІТЭТ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ:
“Гэтак, у ЖЭС № 1 і ЖЭС № 3 КУП “ЖРЭУ Берасця” былі на ўліку працоўныя, якія фактычна на прадпрыемстве не працавалі. За здзяйсненне правапарушэнняў, звязаных з выездам за мяжу ў працоўны час, да адказнасці прыцягнутыя 48 службовых асобаў прадпрыемства”.
{movie}Справа Чычыкава жыве… у ЖКГ|right|17423{/movie}
Вынік такой дзейнасці, а дакладней бяздзейнасці, відавочны для берасцейцаў.
ЖЫХАРЫ БЕРАСЦЯ:
“Хаця б зрабілі асфальт. Там усё разбіта па поўнай праграме”.
“Пад’езды не рамантуюцца не прыбіраюцца. На капрамонт увесь час бяруць, на тэхабслугоўванне таксама кожны месяц бяруць. А каб прыбіралі, я не бачу”.
“У нас тут падвал у пад’ездзе ўвесь час зацякае. Ім ужо колькі скаргаў пісалі, казалі. Яны прыходзяць: так, так. Абяцанні ёсць, а толку ніякага”.
Толку не пабачылі прадстаўнікі дзяржкантролю і ў вядзенні камунальнікамі іншай дзейнасці.
РЫГОР КАСТУСЁЎ, БЫЛЫ КІРАЎНІК РАЁННАЙ ЖКГ:
“За апошнія гады вельмі інтэнсіўна на баланс жыллёва-камунальных гаспадарак перадаваліся аб’екты няпрофільныя. Гэта значыць, тыя аб’екты, якія да жыллёва-камунальнай гаспадаркі не маюць ніякага дачынення. І выкрыліся такія факты, ад якіх можна брацца за галаву”.
Гэтак, напрыклад, выявілася, што Кобрынская ЖКГ ёсць уладальніцаю аквапарку, страты якога за мінулы год дасягнулі амаль 4,5 млрд рублёў. Кампенсавалі ж іх за кошт аплаты насельніцтвам 50-тысячнага гораду жыллёва-камунальных паслугаў. Падобныя схемы рэалізуюцца ва ўсёй Беларусі, перакананы былы кіраўнік камунальнай сферы Рыгор Кастусёў.
РЫГОР КАСТУСЁЎ, БЫЛЫ КІРАЎНІК РАЁННАЙ ЖКГ:
“Набліжаныя да ўлады людзі імкнуцца скарыстаць пасаду для таго, каб напаўняліся іхныя кішэні, для таго, каб ім было больш забяспечанае жыццё, каб забяспечыць сябе і сваіх родных і блізкіх”.
А каб суцішыць незадаволенасць насельніцтва, улады ад часу да часу караюць вінаватых камунальнікаў. Гэтак, па выніках праверкі на Берасцейшчыне да адказнасці прыцягнулі больш за паўтысячы чыноўнікаў. На месца ж пакараных кіраўнікоў прыйдуць новыя, не абраныя жыхарамі, а прызначаныя тымі ж уладамі, што павялічвае шанец паўтарэння гісторыі.
Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”, belsat.eu
Стужка навінаў