У ЕГУ – выпуск. Ці задаволеныя навукаю выпускнікі?


З глыбокімі ды сучаснымі ведамі ў новае жыццё. Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, як і штогод, уручыў дыпломы сваім выпускнікам. Сярод іх 192 магістры і бакалаўры.

УЛАД АНДРОСАЎ, ВЫПУСКНІК ЕГУ:

“ЕГУ вучыць не баяцца даведвацца нешта новае, развівае здольнасці. Чалавек, які сам нечаму можа навучыцца, знойдзе сабе прымяненне”.

{movie}Выпуск у ЕГУ|right|17421{/movie}

Гэтак пра сваю альма-матэр кажуць яе выхаванцы. Яны – яе поспех, перакананыя тыя, хто адказвае за навучанне. Зрэшты, апошнія вынікі кажуць за сябе. Беларусаў, якія хочуць вучыцца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні, з кожным годам усё больш. Сёлета толькі на бакалаўрыят падалі заяўкі каля паўтысячы абітурыентаў. І гэта далёка яшчэ не ўсё. Канчатковыя лічбы стануць вядомыя на наступным тыдні.

МАКСІМ МІЛТО, КААРДЫНАТАР НАБОРУ СТУДЭНТАЎ:

“Варта адзначыць, што абітурыенты падаюць заяўкі з усё большымі сярэднімі баламі. Гэта значыць, што заяўкі падаюць больш адказныя і матываваныя абітурыенты”.

Пры гэтым ЕГУ застаецца галоўнаю альтэрнатыўнаю крыніцаю навучання беларусаў за мяжою. Сярод сёлетніх выпускнікоў ёсць і такія, каго ўлады Беларусі пазбавілі магчымасці атрымаць адукацыю на радзіме з прычыны грамадскай актыўнасці.

ТАЦЦЯНА ШАПУЦЬКА, ВЫПУСКНІЦА ЕГУ:

“Мяне адлічылі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. ЕГУ ў сярэдзіне навучальнага года са сваёй ініцыятывы згадзіўся прыняць мяне ў шэрагі студэнтаў паліталогіі. Я ў ніякім выпадку не шкадую. Гэтыя пяць гадоў былі для мяне вельмі цікавыя”.

І ўсё ж сёлетні выпуск ЕГУ не абышоўся і сумных неспадзяванак. Не першы месяц ва ўстанове працягваецца канфлікт паміж кіраўніцтвам ВНУ і часткай ягоных выкладчыкаў. Цяпер перад пагрозаю імавернага звальнення аказаліся Максім Жбанкоў, Аляксей Крывалап і Вольга Шпарага.

ВОЛЬГА ШПАРАГА, КАНДЫДАТ ФІЛАСОФСКІХ НАВУК:

“Існасць канфлікту ў тым, што частка акадэмічнай супольнасці не згодная з абсалютна непрафесійнымі рашэннямі адміністрацыі. Мы не згодныя, што гэтыя людзі займаюць такія пасады. У ЕГУ скарачаюцца праграмы неабгрунтавана. Напрыклад, праграма паліталогіі. Кепская PR-кампанія ў Беларусі”.

Пакуль жа застаецца галоўнае пытанне: як унутраны канфлікт ва ўніверсітэце адаб’ецца на яго іміджы? Студэнты сцвярджаюць, што ўплывае ён на сам працэс навучання. А значыць, несумнеўная пакуль прывабнасць ЕГУ застаецца пад пагрозаю.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў