У Лукашэнкі высокія шанцы захаваць уладу ў 2015 годзе, лічаць у Партыі БНФ


Апазіцыя мае «пэўныя складанасці» у перамовах наконт адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2015 года, а ў Аляксандра Лукашэнкі даволі высокія шанцы захаваць сваю ўладу, заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч на паседжэнні сойму арганізацыі.



Паводле словаў палітыка, беларуская прапаганда актыўна выкарыстоўвае сітуацыю ва Украіне дзеля дыскрэдытацыі дэмакратычных сілаў Беларусі. У прыватнасці, прапаганда паказвае, што змена ўлады можа прывесці да вайны, а апазіцыю параўноўваюць з украінскім «Правым сектарам».

У такой сітуацыі, лічыць Янукевіч, апазіцыі неабходна паспрабаваць павялічыць долю прыхільнікаў незалежнага еўрапейскага шляху развіцця Беларусі. «На мой погляд, перад намі стаіць задача прад’явіць грамадству цывілізацыйную альтэрнатыву, паказаць, што еўрапейскі шлях развіцця краіны існуе і што менавіта ён дае найбольшыя выгады грамадству ў цэлым і кожнаму асобнаму грамадзяніну», – сказаў палітык.

Паводле яго, шанцы на выкананне такой задачы будуць вышэйшыя, калі апазіцыя вылучыць адзінага кандыдата ў прэзідэнты і ён будзе прытрымлівацца нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасцяў.

Янукевіч лічыць, што на выбарах 2015 апазіцыйным партыям і рухам не варта адстойваць менавіта інтарэсы сваіх арганізацый: «Нам трэба будзе адстойваць незалежнасць краіны, яе еўрапейскія перспектывы. Адзіны кандыдат павінен будзе ўвасабляць альтэрнатыву для грамадства».

У той жа час, адзначыў Янукевіч, цяпер перамоўны працэс наконт абрання адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў працягваецца, прычым у ім «ёсць пэўныя складанасці».

Палітык лічыць, што калі дамоўленасцяў наконт адзінага кандыдата ўсё ж такі не атрымаецца дасягнуць, Партыя БНФ мусіць паспрабаваць аб’яднаць сілы, якія стаяць на нацыянальна-дэмакратычных пазіцыях. У якасці аднаго са стратэгічных партнёраў быў названа рух «За Свабоду». Пры гэтым партыя не выключае і вылучэння свайго кандыдата ў прэзідэнты.

Пры гэтым Янукевіч падкрэсліў, што правесці самастойна паўнавартасную выбарчую кампанію ў 2015 годзе ні адна з апазіцыйных партый і арганізацый не будзе ў стане.

МЯ, паводле Сяргей Каралевіч, БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў