Жывы крыж на Лоеўшчыне


Дзясятак драўляных дамкоў, адна крама – і тая на замку. Здавалася б, ціхая вёска Першамайск, што на Лоеўшчыне, нічым не адрозніваецца ад правінцыйных беларускіх закуточкаў. Калі б не адна акалічнасць. Жыхары колішняй Папоўкі, гэтак вёска называлася да вайны, упэўненыя, што месца гэтае адметнае – на тутэйшых могілках з зямлі расце каменны крыж.

ЖЫХАРЫ В. ПЕРШАМАЙСК:
“Я для цікавасці хадзіў з рулеткаю, мераў яго. Адзін год, другі. Такое адчуванне, што ён падымаецца”.

“Ён сам па сабе, патроху, патроху, а цяпер цалкам паказаўся”.

Як тут з’явіўся незвычайны камень, не ведаюць і найстарэйшыя жыхары Першамайску. Некаторыя кажуць, што крыж прынёс ледавік або ён мог застацца ад нейкага старога пахавання. Але толькі рацыянальнымі тлумачэннямі, натуральна, тут не абмяжоўваюцца.

СЯРГЕЙ ПЫРХ, ЖЫХАР В. ПЕРШАМАЙСК:
“Паводле старажытнай легенды, крыж гэты прыплыў з Кіева па рацэ і пачаў расці на могілках. Мне здаецца, там не могілкі былі, а курган старажытны”.

У мясцовых жа жыхароў ёсць традыцыя: калі нехта бывае на могілках, абавязкова адведвае і каменны крыж. Тутэйшую славутасць упрыгожваюць кветкамі, ручнікамі, вернікі тут моляцца, часам пакідаюць свечкі.

МІКАЛАЙ ЛАПІЦКІ, ЖЫХАР В. ПЕРШАМАЙСК:
“Прыходзяць людзі. А як жа ж? Крыжык жа ёсць. Гэта ж закон такі, на крыж абавязкова трэба ручнік павесіць”.

Вераць людзі і ў чароўныя якасці крыжа: маўляў, ён надзелены надзвычайнаю сілаю і нясе моцную станоўчую энергетыку.

МАРЫЯ ПАЗНЯКОВА, ЖЫХАРКА В. ПЕРШАМАЙСК:
“Дачка, як прыходзіць яна, патрымаецца за яго, і ёй неяк лягчэй”.

Агулам у Беларусі вядома пра некалькі дзясяткаў камянёў-крыжоў, якія растуць з зямлі. Дзе-нідзе іх выкопвалі ды адносілі ў царкву, але жыхары вёскі Першамайск вераць, што камень з’явіўся тут невыпадкова, таму пераносіць сваю чароўную прошчу нікуды не збіраюцца.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў