Мастачка Святлана Батракова намалявала 500 карцінаў з коньмі, а паказала 28


Мы ж нясемся далей на хуткасці конскага галопу. У Музеі гісторыі Гомля адкрылася выстава «Навыперадкі з ветрам» мясцовай мастачкі Святланы Батраковай. Вядомая Святлана тым, што галоўныя ейныя натуршчыцы – коні ды кабылы. Усе працы рэалістычныя, выкананыя алеем.

«Я нарадзілася з любоўю да коней, – распавядае Святлана. – Першы альбом маіх малюнкаў быў увесь у конях. Для мяне гэта самыя адданыя жывёліны, больш верныя нават за сабак. Калі я прыходжу ў нашую конна-спартовую школу, яны мяне чакаюць, радуюцца мне, адчуваю, як яны любяць мяне. Дый іх як можна не любіць, яны добрыя, больш добрыя за людзей».

Малюе Святлана з 10 гадоў, працы свае падпісвае творчым псеўданімам Солур. Гэтая выстава – вынік 6-гадовай працы, мадэлі – коні з конна-спартовай школы і конезаводу. Усяго ў Святланы каля 500 працаў, на выставу трапілі 28.

«Для мяне гэта чарговае адкрыццё, адкрыццё Святланы, ейнага ўнутранага свету, я ўвесь час распавядаю іншым, наколькі раней я была раўнадушнаю да коней, але, патрапіўшы на выставу Батраковай, закахалася ў іх», – дзеліцца ўражаннямі мастачка Надзея Кір’янава.

Для самой Батраковай гэтая выстава знакавая – бо юбілейная, дзясятая.

Іншыя тэмы: Новыя чорна-белыя кліпы з’явіліся ў гурта «Interpol», Пола МакКартні ды каманды «Motörhead», якая 27 ліпеня выступіць у менскім Палацы спорту. У менскім клубе «TNT» упершыню выступілі хлопцы з блюз-рокавага гурта «The Moonshiners». Каталіцкі святар Ігар Анісімаў са Слоніму здзівіў маладых, выканаўшы падчас вянчання вядомую кампазіцыю Леанарда Коўэна «Алілуя» на расейскай мове.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Стужка навінаў