Паралакс: Да сябе не падобныя


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Расейская прапаганда дарыць другую маладосць вядомым здымкам з гарачых кропак свету, выкарыстоўваючы іх у сёлетніх рэпартажах з Украіны. Інфармацыйная вайна паміж нашымі суседзямі нагадвае, што галоўнае ў фатаграфіі – подпіс.

Студэнты Магілянскай школы журналістыкі стварылі старонку Стоп Фэйк, дзе выяўляюць непраўдзівую інфармацыю пра падзеі ва Украіне. Так, яны раскрылі адну з маніпуляцый, у якой украінскімі жаўнерамі апынуліся сербскія баевікі з вядомай фатаграфіі Рона Хавіва.

Хавів вывучаў журналістыку ў Нью-Ёрку, а фатаграфаваць пачаў ужо пасля вучобы. Ён пранікаў у шэрагі каліфарнійскай мафіі і ў мексіканскія наркабанды, каб дакументаваць іх войны з паліцыяй. Ён здымаў прэзідэнцкія выбары ў Афганістане, наступствы землятрусу на Гаіці і голад у Бангладэш. Аднак, найбольш вядомымі ягонымі працамі з’яўляюцца рэпартажы з балканскіх войнаў. Хавіву было 27, калі ранняй вясной 1992 года ён апынуўся ў мястэчку Білельіна ў Паўночна-Усходняй Босніі, на мяжы з Сербіяй. Рон стаў сведкам этнічных чыстак і марадзёрства з боку баевікоў Жэлькі Ражнатовіча, што называлі сябе Сербскай добраахвотніцкай гвардыяй.

На здымку канаюць мірныя жыхары – муж з жонкай і ейная сястра. Іх вывелі на двор і расстралялі па чарзе на вачах фотакарэспандэнта Newsweek. Хавів паспеў схавацца за грузавіком і пачаў здымаць. Раптам да забітых мусульманаў падышоў жаўнер, што паліў цыгарэту, і пачаў біць іх нагамі. Хавів націснуў на спуск, хутка схаваў адснятую стужку, і ўставіў у камеру новую, якую праз момант канфіскуе асабіста Ражнатовіч. Кішэні спраўдзіць забудзецца.

Здымак, што ілюструе звычаі таго канфлікту і абсалютны брак павагі да чаго-кольвек з боку ягоных удзельнікаў, перадрукавалі ўсе сусветныя выданні. Ражнатовіча схопіць паляруш – ён унясе фатографа ў так званы Сербскі чорны спіс. Хавіва зловяць і будуць катаваць на працягу трох дзён, але потым адпусцяць. Ён застанецца на Балканах і будзе здымаць да самага канца вайну, у якой ахвяры станавіліся агрэсарамі, а агрэсары праз момант былі ўжо ахвярамі. Гісторыю супрацьстаяння сербаў, баснійцаў, харватаў і косаўскіх албанцаў Хавів падсумуе ў альбоме “Кроў і мёд”.

Парадокс здымка ў тым, што дваццаць гадоў таму ён шакаваў, але не прыносіў пажаданага плёну: ніхто не мог спыніць той канфлікт. Цяпер, калі здымак бессаромна выкарыстоўваюць несумленныя газетныя наёмнікі, ён не шакуе (мы прызвычаіліся да крыві), але дзейнічае: раз’ядноўвае два народы.

Деніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў