Кава па-беларуску


Не толькі ў Менску, але і ўва ўсёй Сінявокай такія ўстановы – пакуль выключэнне, але пры жаданні беларускамоўную кавярню адшукаць усё ж такі можна. Напрыклад, “Каўка” – адчынілі зусім нядаўна ў беларускай сталіцы. Знайсці яе можна побач з прыпынкам “Дом друку”.

{movie}Кава па-беларуску |right|17365{/movie}

ПАВЕЛ ІВАНОЎ, ЗАСНАВАЛЬНІК КАВЯРНІ:
“Мне падабаецца беларуская мова. Я не ўмею яшчэ добра размаўляць. Але я намагаюся. Калі заходзяць людзі, якія таксама жадаюць размаўляць, я таксама з імі размаўляю”.

Заснавальнікі “Каўкі” цвердзяць, што разам з адкрыццём установы яны самыя працягваюць інтэнсіўны курс беларускае мовы. Беларуска-расейскі слоўнік тут абавязковы. А самая назва “Каўкі” прыйшла, вядома, невыпадкова.

СЯРГЕЙ МАРМЫШ, ЗАСНАВАЛЬНІК КАВЯРНІ:
“Калі паглядзім, колькі цяпер назваў, большасць – гэта лацініца ў бок амерыканізацыі. А нам хацелася, каб гэта было нешта больш нашае роднае, каб гучанне і сэнс быў кожнаму зразумелы”.

Пакрысе новая беларускамоўная кавярня знаходзіць сваіх аматараў. Як і гэтае месца на Плошчы перамогі ў Менску. На першы погляд, кавярня “Штолле” не адрозніваецца ад соцень іншых. Але як толькі кліент пераступае яе ганак…

АЛЕНА, АФІЦЫЯНТКА:
“Мы прапануем па-беларуску, а яны вельмі ўражаныя і задаволеныя, што ў нас размаўляюць па-беларуску. Яны таксама пачынаюць размаўляць”.

Самыя ж наведнікі, хоць і далёка не ўсе ведаюць беларускую мову…

НАВЕДНІКІ:
“Я адказваю па-расейску, але мне гэта падабаецца”.
“Мне цікава і чуць гэтую мову, і навучыцца ёй. Сам я з Украіны”.

Застаецца пазычыць поспехаў, бо выжыць беларускамоўнай кавярні ў Беларусі няпроста. Гэтак “Альба-кава”, праіснаваўшы ўсяго некалькі месяцаў, летась вымушаная была зачыніцца.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў