«Нас чакае сапраўдная «заруба». Ці замесіць Аргентына каманду Галандыі?


Ці здолее зборная Галандыі парваць ланцуг няўдач у вырашальных матчах? Ці ўсё ж Льёнэль Мэсі зможа аднаасобна спыніць каманду ў памаранчавай форме? Чаго нам чакаць: гульні да першага голу, пенальці ці галявой феерыі, як у матчы Нямеччына-Бразілія?



Мы сабралі меркаванні беларускіх заўзятараў аб першым паўфінальным двубоі на Чэмпіянаце Свету ды паспрабавалі спрагназаваць вынік не менш цікавай пары – Нідэрланды-Аргентына

Першы паўфінал сёлетняга чэмпіянату свету стаўся сапраўдным сюрпрызам, прычым абсалютна для ўсіх. Нямеччына не проста перамагла каманду гаспадароў, але ўтаптала бразільцаў у газон – 7:1!

Алесь Баразенка:

Дата 8-га ліпеня 2014 года назаўжды ўвойдзе ў гісторыю бразільскага футболу. Такой паразы «абраныя», як называюць дружыну Бразіліі, ніколі не зазнавалі. І справа нават не ў разгромным выніковым ліку, а ў тым, якой нікчэмнай ды разгубленай выглядала каманда гаспадароў.

Вядома ж, не трэба думаць, што такі лік адлюстроўвае рэальную розніцу ва ўзроўні камандаў. Праблемы бразільцаў схаваныя перш за ўсё ў галіне псіхалогіі. Пад уплывам дзясяткаў тысяч заўзятараў бразільцы з першых хвілінаў рушылі наперад. За што і паплаціліся на 12-ай хвіліне. Памылка ў аслабленай адсутнасцю Т’ягу Сіўвы абароне – і лік ужо 0-1 на карысць немцаў. І зноў эмоцыі, зноў бразільцы ідуць наперад, і зноў забіваюць немцы – 0-2. Ну і тут матч можна было закончыць. «Абраныя» аказаліся не здольнымі вытрымаць такі ўдар і зламаліся псіхічна. Ну а зборная Нямеччыны паказала сур’ёзнасць сваіх чэмпіёнскіх намераў.

Антон Кашлікаў, калумніст 34mag.net, пісьменнік:

Бразілія ўчора адказала за ўся свае грахі – за бясконцыя сімуляцыі, за жорсткую гульню, за пенальці ў першым матчы супраць Харватыі. Пры першым жа сапраўды сур’ёзным іспыце зборная Бразіліі проста развалілася. Напэўна, шмат хто з заўзятараў Бразіліі зараз мяркуе, што было б няблага, каб яны прайгралі яшчэ ў 1/8 па пенальці камандзе Чылі.

Алесь Баразенка:

Пастаўлю ўсё ж у сённяшнім матчы на Галандыю. Трэнер гэтай каманды Люі ван Хаал, які пасля ЧС узначаліць англійскі клуб «Манчэстэр Юнайтэд», яшчэ раз пацвердзіў сваё рэнамэ генія тактыкі. Фактар трэнера, а таксама заўсёды маладыя гульцы Робэн ды Робін ван Пэрсі, здольныя забіць гол з любога паўмоманта – галоўныя казыры галандцаў. Але не трэба забывацца на Мэсі – гэты «джокер» зборнай Аргентыны здольны пабіць любы козыр.

Антон Кашлікаў, калумніст 34mag.net, пісьменнік:

Мне падаецца, Галандыя вычарпала ліміт няўдач у галоўных матчах. Але ўпэўнены, што ў адрозненні ад учорашняга матчу, нас чакае сапраўдная «заруба».

Андрэй Дзяркоў, музыка:

Аргентына на гэтым чэмпіянаце здзіўляе асабіста мяне сваёй гульнёвай дысцыплінай. I гэта галоўны яе плюс. Можна, канешне, казаць аб прагматызме, але аб гэтым ужо толькі лянівы не напiсаў. Наконт Нiдэрландаў, мне цяжка штосьці казаць. Але згадваючы папярэднія матчы Аргентыны з iмi, цяжка было заўсёды. Я дагэтуль памятую, як вельмі прывабная зборная аргентынцаў на чале з Батыстутам i Артэгам прайграла на апошнiх хвiлiнах галандцам у 1998 годзе. Таму, як чалавек з больш-менш ужо немалым жыццёвым вопытам, скажу: будзе так, як будзе! Спадзяваннi толькi перашкаджаюць чыстаму ўспрыманню.

Зміцер Панкавец, намеснік галоўнага рэдактара газеты «Наша Ніва»:

Аргентына пры трэнеры Алехандра Сабэлля не надта феерыць, але вельмі эфектыўна распараджаецца сваімі шанцамі. А калі чэмпіянат праходзіць у Паўднёвай Амерыцы, то па даўняй завядзёнцы мусіць выйграць мясцовая каманда. Фактар Мэсі мусіць стаць вырашальным. Як у паўфінале, гэтак і ва ўсім чэмпіянаце разам.



Ірына Козлік, журналістка газеты «Камсамольская праўда ў Беларусі»:

Асабіста я заўсёды заўзею за Іспанію. Не забудуся вечар матчу іспанцаў з Галандыяй 13-га чэрвеня. Хацелася закрыць твар рукамі, збегчы ды не глядзець. Дзякуй немцам за ўчорашні вечар – пра ганебную паразу іспанцаў хутка забудуцца. Галандцы, калі знялі карону (з іспанцаў), дык адзеньце яе! Кароль памёр. Хай жыве кароль!

Падсумоўваючы, можна сказаць, што сёння нас чакае цікавая дуэль з мноствам асабістых супрацьстаянняў. Хто апынецца пераможцам: тактык і майстар нестандартных крокаў ван Хаал ці прыхільнік амаль вайсковай дысцыпліны Сабэлля, рэактыўны Робэн ці легендарны Мэсі? Пабачым сёння а 23-00 паводле беларускага часу.

Алесь Баразенка, belsat.eu

Стужка навінаў