Выпадак сібірскай язвы зафіксаваны ў Польшчы на мяжы з Украінаю


Выпадак сібірскай язвы выяўлены на ўсходзе Польшчы на мяжы з Украінай, піша агенцтва Reuters. Ветэрынары знайшлі хваробу ў мёртвага каня. Шэсць кабылаў, якія таксама былі ў статку, змешчаныя ў каранцін. У жывёлінаў пакуль не назіраецца прыкметаў заражэння.

У Польшчы апошні выпадак смяротнага захворвання зафіксаваны ў 2001 годзе.

Трывогу б’юць і ветэрынарныя службы Венгрыі, дзе выяўлены ўжо другі выпадак сібірскай язвы ў ялавічыне. Адзін чалавек з сімптомамі захворвання адпраўлены на тэрапію.

Сібірская язва звычайна заражае жывёл і можа перайсці на чалавека пры непасрэдным кантакце або ўжываючы ў ежу іх інфіцыраванае мяса. Большасць формаў бактэрыяльнага захворвання смяротная, хоць некаторыя формы можна лячыць з дапамогай антыбіётыкаў. Бактэрыі сібірскай язвы могуць быць выкарыстаны ў якасці біялагічнай зброі і лічацца адной з самых сур’ёзных пагроз біятэрарызму.

Таксама чытайце: Гандлёвыя войны падчас афрыканскай чумы



ДР, belsat.eu

Стужка навінаў