Далей едзеш, болей плоціш – кошты на паліва пайшлі ўгару


Аўтазапраўкі змянілі цэннікі. Натуральна, у бок павелічэння. Пра падаражэнне паліва з 8 ліпеня ў сярэднім на 5 %, то бок практычна 500 рублёў за літр, абвесціў канцэрн “Белнафтахім”, манапаліст у Беларусі ў фармаванні адпускных цэнаў на нафтапрадукты.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Натуральна, для мяне гэта пагаршэнне фінансавага становішча. Бо ездзіць менш я не буду, я езджу і так мінімальную колькасць часу, абмяжоўваю сябе максімальна”.
“Калі расце заробак і даражэе паліва – няма пытанняў, а калі на месцы стаіць заробак, а паліва падымаецца – гэта жахліва”.
“Ужо і цяпер цяжка ездзіць на працу, напрыклад, я на транспарце”.

Паводле новых тарыфаў літр бензіну Аі-92 цяпер каштуе 9 300 рублёў, Аі-95 – 10 000, самае таннае дызпаліва – 10 100. У «Белнафтахіме» рост цэнаў тлумачаць падзеннем курсу беларускага рубля адносна замежных валютаў, а таксама неабходнасцю «паэтапнага збліжэння коштаў на паліва ў Беларусі і Расеі».

{movie}Кошты на паліва — угару (08.07.14) |right|17348{/movie}

У межах існай эканамічнай сістэмы, мяркуюць эксперты, гэткія аргументы цалкам аб’ектыўныя, але ёсць і іншыя чыннікі.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:
“Галоўная прычына – гэта недахоп грошай у бюджэце, і гэты недахоп улады імкнуцца перакрыць любым чынам, не толькі за кошт крэдытаў, прыватызацыі, якая пакуль ідзе сяк-так, але і за кошт насельніцтва”.

Падаражэнне ж паліва – заўжды новы віток інфляцыі, бо ў канчатковую цану любых паслугаў і прадукцыі закладзены кошт нафтапрадуктаў.

Сённяшнее ж падаражэнне паліва – першае ў гэтым годзе, але ці апошняе?

ТАЦЦЯНА МАНЁНАК, ЭКАНАМІЧНАЯ АГЛЯДАЛЬНІЦА:
“Разглядаўся яшчэ адзін аргумент – падвышэнне акцызнага падатку на нафтапрадукты. Я ведаю, што гэта ў пакеце разглядалася. І трэба было меркаваць, што падвышэнне адбылося б прыкладна на 10 %, але ўрад не пагадзіўся і пастанавілі пайсці на павышэнне ў два этапы”.

Другога можна чакаць ужо неўзабаве, яшчэ перад пачаткам уборачнай кампаніі, кажуць эксперты. Гэтак “Белнафтахім” паспрабуе скампенсаваць хаця б частку стратаў, якія айчынныя НПЗ нясуць ад продажу паліва сельскагаспадарчым прадпрыемствам паводле ільготных коштаў.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў