Ці разбяруць "абраныя" па вінціках "нямецкую машыну"?


На Чэмпіянаце Свету ў Бразіліі надышла пара паўфіналаў. Алесь Баразенка разам з калегамі з іншых СМІ прааналізавалі апошнія матчы прэтэндэнтаў на чэмпіёнства ды падзяліся меркаваннем, каму ўсё ж такі дастанецца запаветны кубак.

Пры аналізе пар паўфіналістаў складваецца ўражанне, арганізатары з самага пачатку планавалі, што менавіта гэтыя каманды патрапяць у 1\\2.

Нямеччына – Бразілія ды Аргентына – Нідэрланды. Нямецкі парадак супраць бразільскага карнавалу. Месізалежная Аргентына супраць Галандыі, з галоўнаю зоркаю не на полі, а на капітанскім мосціку.

Сёння а 23:00 нас чакае першы двубой, паміж гаспадарамі турніру ды камандаю Нямеччыны.

Прагноз Бразілія – Нямеччына

Алесь Баразенка:

Абедзве каманды даволі лёгка прайшлі стадыю адной чацвёртай. Немцы, адкрыўшы лік у матчы з французамі свядома аддалі ініцыятыву ды правялі рэшту матчу абараняючыся. Выйшла ў іх няблага. Такі досвед “цярплівасці” можа ім спатрэбіцца ў матчы з гаспадарамі, якія будуць імкнуцца наперад, гэтага будуць патрабаваць і заўзятары.

Шанцы камандаў ацэньваю як роўныя. За бразільцаў згуляе фактар хатняга чэмпіянату: гэта і родныя сцены з іхнаю неверагоднаю падтрымкаю і больш лаяльнае судзейства. Аднак траўма Нэймара – галоўнай футбольнай зоркі Бразіліі апошніх часоў, ды адсутнасць з-за дыскваліфікацыі Цьяга Сілвы вельмі балюча ўдараць па баяздольнасці каманды Луіса Філіпэ Скалары. Але бразільцаў нездарма называюць “Абранымі” (парт. A Seleção). Гэтая каманда і ў адсутнасць лідараў здольная скарыць любога суперніка.

У немцаў жа цяжка вызначыць кагосьці асабіста. У гэтым і шчасце і бяда гэтай зборнай. З аднаго боку, гэта машына, пераможная хада якой не спыніцца нават калі замяніць адну дэталь на іншую. З іншага боку, няма таго, хто пацягне за сабою гэтую машыну, калі яна раптам забуксуе.

Зьміцер Панкавец, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Наша Ніва”:

Немцы і аргенцінцы рана адкрывалі лік у гульнях і дзякуючы большаму чым у супернікаў досведу даводзілі матчы да перамогі. Назваць такі футбол надта прыцягальным ніяк не паварочваецца язык.

Не было феерыі і ў бразільцаў з галандцамі. Бразільцам хоць і дапамагаюць сцены ды арбітры, але гэтая зборная бачыцца без моцных постацяў, без лідараў. Ну дзе дзеліся майстры ўзроўню Рамарыа ці Раналда? Канечне, у бразільцаў быў Неймар, але ён выбыў на паўтара месяца праз пералом хрыбетніка. У такім святле немцы бачацца больш маналітнай камандай, якая зможа вырашыць пастаўленую задачу.

Вольга Шастакова, рэдактар газеты “Ва-банк”:

Заўзею за Нямеччыну. Нам з дзяўчатамі спадабалася знешнасць трэнера Іахіма Лёва. І гэта дзіўнаватая падстава майго заўзятарства дагэтуль аб’ект для жарцікаў і падколак некаторых прасунутых футбольных фанаў кшталту Сашы Баразенкі. Але да таго ж я вывучала нямецкую мову, люблю Берлін. Цяпер ведаю гульцоў, мне пасуе іх інтэрнацыянальнасць – Мюллер са Шванштайгерам, немец турэцкага паходжання Озіл, туніскага паходжання – Хедзіра, напалову ганец Боатэнг (ягоны брат выходзіў на поле супраць Германіі!). Карацей, я сваю каманду абрала і я субектыўна.

Алесь Баразенка, belsat.eu

Стужка навінаў