Украіна наступае


Ужо дзве траціны Данецкай і Луганскай абласцей кантралююць украінскія войскі. Сілавікі працягваюць паступова адбіваць захопленыя сепаратыстамі землі. Пры гэтым стратаў у іх на парадак менш, чым было штодня падчас аднабаковага спынення агню.

{movie}Украіна наступае|right|17297{/movie}

АНДРЭЙ ПАРУБІЙ, САКРАТАР РАДЫ НАЦБЯСПЕКІ:
“Органы дзяржаўнай улады Украіны кантралююць 23 раёны з 36 у зоне правядзення антытэрарыстычнай аперацыі, я маю на ўвазе Данецкую і Луганскую вобласці”.

Сёння вайскоўцы адбілі ў сепаратыстаў горад Мікалаеўка, што пад самым Славянскам. Контртэрарысты кажуць, што захапілі шмат баевікоў і вялікі арсенал зброі. Прарасейскія групоўкі трацяць імпэт. І пра гэта заяўляюць іхныя лідары.

ІГАР ГІРКІН, ЛІДАР ДНР У СЛАВЯНСКУ:
“Апалчэнцы, калі бачаць разбурэнні ды смерць мірных жыхароў, пачынаюць губляць волю да барацьбы”.

Сёння ж Ігар Стралкоў-Гіркін чарговы раз папрасіў у Расеі ўвесці войскі ва Украіну. Бо так ён чакае толькі смерці.

ІГАР ГІРКІН, ЛІДАР ДНР У СЛАВЯНСКУ:
“Мы будзем знішчаныя. Мы будзем знішчаныя на працягу тыдня, максімум двух”.

Але расейскія войскі ад украінскіх межаў нікуды не з’ехалі. Паводле групы “Інфармацыйны супраціў”, загаду з Масквы чакаюць амаль 47 000 жаўнераў, сотні танкаў і самалётаў. У Чорным моры расейскі флот пачаў маштабныя вучэнні.

У баевікоў таксама пакуль ёсць і бронетэхніка, і артылерыя. Напрыклад, гэтай ноччу каля Луганску сепаратысты абстралялі сяло Стары Айдар з устаноўкі “Град”.

МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:
“Цэлілі на турбазу Антыпава, дзе нібыта дыслакуецца Нацыянальная гвардыя, і вось наступствы сённяшняга абстрэлу”.

Выбухі гучаць і па-за Данбасам таксама. У Адэскім ваенкамаце ўначы ўзарвалі бомбу магутнасцю 5 кг у тратылавым эквіваленце. Адзін чалавек паранены.

МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:
“Спачатку як воплеск быў такі, а потым пайшоў моцны гул і моцны пыл. Але адчувалася, што гэта быў выбух”.

Якраз да падобных дзеянняў днямі заклікаў сваіх прыхільнікаў самаабвешчаны губернатар Данецку. Павел Губараў нават вывесіў у сеціва падрабязную інструкцыю, як правільна абстрэльваць блокпасты, захопліваць дзяржаўныя будынкі ды браць у закладнікі людзей на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

https://youtu.be/Xt7DyP6-RJ4

Глядзі таксама
Каментары