«Спасіба, Гітлер, за паразу». Вайна, якая «падарыла» нам незалежнасць


Лукашэнка – пра кошт свабоды, фашызм, братоў, ворагаў і суверэнітэт Беларусі. Метамарфозы самага паслядоўнага прэзідэнта ў ягоных прамовах да Дня Незалежнасці.

Беларусы – героі-пакутнікі

«Свабода і незалежнасць заўсёды дорага каштуюць. …На шчасце, нашая дзяржава ўтварылася мірна, без крыві, войнаў і рэвалюцыяў. …Бо сваю цану – страшную цану, вымераную ў чалавечых жыццях, – мы заплацілі на паўстагоддзя раней, у гады Вялікай айчыннай вайны», – казаў у 2012 годзе Аляксандр Лукашэнка ў сваім звароце з нагоды Дня Незалежнасці.

Менавіта з дзяжурных фразаў пра гераізм нашых дзядоў, вызваленне Еўропы ад фашызму і шматмільённыя ахвяры нашага народу ў гады Другой сусветнай ён штогод распачынае свае «незалежніцкія» прамовы, падкрэсліваючы пакутлівы лёс нацыі.

Адзінства нацыі перадусім

Сёлета кіраўнік Беларусі нечакана выступіў з перадсвяточнаю прамоваю па-беларуску. «Акупанты ўстроілі на беларускай зямлі страшны канвеер смерці, стварыўшы 260 канцэнтрацыйных лагераў i 110 гета. Забываць пра гэта нельга! Памяць – гэта трывожны звон гісторыі. Ён папярэджвае сусвет, што любая вайна – гэта вар’яцтва», – прачытаў з паперкі Аляксандр Лукашэнка і скончыў сваю беларускую частку выступу словамі, што «кожны, хто замахваецца на адзінства нацыі, – вораг Беларусі!». На беларускамоўны спіч Аляксандра Рыгоравіча канапавая апазіцыя адрэагавала з’едлівымі каментарамі. Нехта ў «Facebook’у» ў кантэксце таго, што цяпер адбываецца на ўсходзе Украіны, паіранізаваў, што кіраўнік Беларусі вырашыў адкрыць курсы «Мова ці ў Рашу».

Tsar-Bak-Vladimir-Elizarov-08-600x494

Любоў і нянавісць у трохкутніку: Беларусь–Расея–Захад

Дарэчы, пра братэрства і векавую любоў беларусаў і расейцаў сёлета не прагучала ні слова, калі не лічыць спробы з эканамічнага пункту гледжання апраўдаць удзел нашай краіны ў Еўразійскім саюзе, які ўжо празвалі «СССР 2.0». І скупы дыпламатычна нейтральны сказ пра прыярытэтнага саюзніка, якім застаецца Расея.

А Захад атрымаў непразрысты мэсідж: «Ажыццяўляецца перагляд і перакройванне пасляваенных межаў. Абазначылася тэндэнцыя да глабальнай нестабільнасці. …Бесцырымоннае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, спробы распаліць у іх нацыянальную варожасць, дэстабілізаваць абстаноўку мы бачым не толькі на Блізкім Усходзе, але, на жаль, ужо сёння і на прыкладзе нашай брацкай Украіны».


Не выключанае, што тут Лукашэнка папракае не толькі ЗША з Еўропаю, але і Расею. Цалкам верагодна і тое, што гэта была санкцыянаваная Пуцінам крытыка, які вуснамі Лукашэнкі хацеў паказаць незалежнасць Беларусі.

У 2011 годзе святочная прамова Лукашэнкі была куды больш катэгарычная. «Я заўсёды ім кажу: перш чым нас павучаць нейкай дэмакратыяй, вы, калі ласка, заплаціце нам за тыя ахвяры, якія панёс беларускі народ, вызваляючы планету ад карычневай чумы», – абрынуўся з крытыкаю на Еўропу кіраўнік Беларусі.

Тады, ўжо без усялякай сарамлівасці, камень паляцеў і ў агарод Расеі. «Для адных мы ненавісныя тым, што не маршыруем у агульным строі і не скачам пад брусельскую дудку. Для іншых мы – нязручны прыклад, які вочы коле. У нас не разрабаваная краіна, няма прорвы паміж хамскаю раскошаю адных і абуральнаю беднатою іншых. Іх бесіць, што ў нас не прадаюцца і не купляюцца дзяржаўныя пасады, мільярды народных грошай не ідуць у афшоры», – заявіў Лукашэнка.
Сказана гэта было ў разгар беларуска-расейскіх газавых войнаў і ўзаемных абменаў «ветлівасцямі» ў медыях: Лукашэнка назваў «паказушнікам» дзейнага на той момант прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, НТВ паказвала скандальны серыял «Хросны Бацька», а «Russia Today» – сюжэт «Hard Luka», у якім Лукашэнку наўпрост называлі «апошнім дыктатарам Еўропы».

{movie}Мядзведзеў паслаў Лукашэнку|right|17286{/movie}

А вось двума гадамі раней кіраўнік Беларусі кляўся ў бескарыснай любові да Расеі. «Мы ставім развіццё саюзніцкіх адносінаў з Расеяй вышэй за цукровыя, малочныя і гэтак далей дробныя гаспадарчыя спрэчкі». Еўропа ж атрымала прапановы супольнай барацьбы з тэрарызмам і наркатрафікам. І так ўжо амаль два дзесяцігоддзі. Гаўканне то з Крамлём, то з Вашынгтонам, то з Бруселем на фоне парадаў і пафасных віншаванняў, накіраваных нешматлікім ветэранам Другой сусветнай.

Незалежнасць як гарантыя бяспекі ці апошняя кашуля Лукашэнкі, якую можна прадаць Крамлю?

«Якою будзе беларуская незалежнасць? Ніхто тады не ведаў», – узгадвае пачатак 90-ых Лукашэнка падчас святкавання 68-ай гадавіны вызвалення Беларусі. Апазіцыя тады прапаноўвала «прымітыўныя» канцэпцыі, «дзяржава, зачыненыя ў сваіх межах, з дамінаваннем гэтак званай карэннай, тытульнай нацыі. Дзяржава, якая ўзводзіць бар’еры і свядома абрынае сама сябе да ўзроўню правінцыйнай глухамані. Вось, уласна, і ўсё, што прапаноўвалася».

Цяпер жа кіраўнік Беларусі можа толькі марыць пра правінцыйнасць. Аказаўшыся ў шэрагу кіраўнікоў краінаў пуцінскага Еўразійскага саюзу, Лукашэнка ўжо наўрад ці будзе казыраць геаграфічнымі магчымасцямі Беларусі, як рабіў гэта раней. Ён выдатна разумее, што прадаў Маскве амаль усё. І калі ў 2012 годзе Лукашэнка грэбліва казаў: «незалежнасць дзяржавы – гэта не самамэта, якая існуе дзеля сябе самой, гэта адзін з магутных сродкаў для дасягнення галоўнага – шчаслівага і бяспечнага жыцця людзей той ці іншай дзяржавы», – то цяпер нават мовы не цураецца, каб знайсці падтрыманне і сярод тых, у каго не узнікае пытанняў “свой” і “чужы”, калі ідзе размова пра Беларусь і Расею. Але, па вялікім рахунку, беларускамоўны выступ Лукашэкі нагадвае неўратычную спробу самазаспакаення, тонкую шырмачку самападману, якая прыкрывае саюз з непрадказальным партнёрам – Расеяй. Якая можа пры дапамозе толькі інфармацыйных рэсурсаў пахіснуць не толькі Лукашэнку, але і спакой у нашай краіне.

Лукашэнка ўжо каторы год верціцца ў абдымках Расеі як вуж на патэльні. «Я ў апошні час усё часцей задумваюся над тым: гэта што, ужо пік нашай барацьбы за суверэнную незалежную зямлю ці гэта чарговая спроба паставіць нас на калені? – запытаўся кіраўнік Беларусі ў Расеі ў 2009 годзе. – Чарговы раз нас спрабуюць паставіць на калені. Хачу сказаць тым, хто гэтага дамагаецца: не атрымаецца! Іншымі мы не будзем!».

Мінула 5 гадоў і напярэдадні сёлетняга Дня Незалежнасці Лукашэнка, нібыта павук, які заблытаўся ва ўласным павуцінні, спявае зусім іншыя песні. «Калі і паўстане хоць нейкая пагроза незалежнасці нашай краіны, то толькі па эканамічных прычынах». І дадае: «Мяне ўвесь час палохаюць на вопыце Украіны: то з усходу да нас полчышчы прыйдуць, а на ўсходзе пачынаюць палохаць, што полчышчы прыйдуць з захаду. Раздзеляць. Задушаць. Разарвуць. Як прэзідэнт, я не адкідаю ні адзін з варыянтаў. Нават самы абсурдны».

Але спадзявацца на абсурдны сцэнар позна. Нас ужо задушылі. Лукашэнка выканаў сваю гістарычную місію. Гештальт скончаны. Вэлкам ту «СССР 2.0», спадарства.

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў