Паралакс: А дома свіння


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Фатаграфіі Роджэра Болена (Roger Ballen) дэманструюць цёмныя бакі людской экзістэнцыі ў белай, лепшай частцы Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, што палову мінулага стагоддзя жыла ва ўмовах апартэіду.

У партрэце Брайана і хатняй свінні з 1998 года хтосьці бачыць разбурэнне міфу пра перавагу белага чалавека, а насамрэч гэта проста цёплая гісторыя сяброўства чалавека і жывёлы – ён любіць яе, яна любіць яго. Не варта забывацца, што свіння разумнейшая за сабаку.

Гэты здымак – адна з апошніх, бадай, спробаў фатографа зрабіць класічны партрэт перад тым, як кінуцца ў сюрэалістычныя пастаноўкі. Але рэальнасць дасць фору любой галюцынацыі Болена. Гісторыя чалавека і свінні скончыцца трагічна: улады гарадка пасля здымка звернуць увагу на мужчыну, забароняць яму трымаць жывёліну дома, адбяруць яе і адашлюць на бойню.

Болен нарадзіўся у Нью-Ёрку ў 1950 годзе. Бацька быў адвакатам, а маці працавала спачатку асыстэнткай ва ўплывовым фотаагенцтве «Magnum Photos», а потым адчыніла ўласную галерэю. Маленькі Роджэр з маленства круціўся сярод выбітных фатографаў з усяго свету, пачаў рабіць здымкі ў 13 гадоў, і, з’яўляючыся студэнтам псіхалогіі Каліфарнійскага ўнівэрсітэта, хадзіў на дэманстрацыі супраць вайны ў В’етнаме выключна з камерай.

Пасля вучобы юнак адправіцца ў падарожжа вакол свету, даедзе да Мысу Добрай Надзеі і прывязе адтуль у Амерыку жонку – мастачку Лінду Марос (Lynda Moross). Падчас афрыканскага турнэ Болен зацікавіцца геалогіяй, абароніць дысертацыю па мінералогіі ў Каларадскай горнай школе і вернецца з жонкаю на яе радзіму, каб шукаць там золата, ды застанецца ў ПАР назаўсёды. Горная справа і сёння – асноўны занятак навукоўца, а хутчэй прадпрымальніка Болена, які стаў зарабляць фатаграфій зусім нядаўна.

Свае першыя здымкі ён выканаў падчас першых геалагічных экспедыцыяў па белай перыферыі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (краіна была падзелена па колеравай прыкмеце да 1994 года). Заўсёды маючы пры сабе маленькую фотакамеру, Болен грукаўся ў дамы вяскоўцаў і рабіў здымкі. Паволі фатаграфіяў сабралася на дзве кнігі: невялікім мястэчкам будзе прысвечаны збор “Dorps”, а партрэты паўднёва-афрыканскіх вяскоўцаў Болен выдасць у альбоме “Platteland”.

Фатографа заўважаць, і наступную кнігу “Outland” апублікуе брытанскае выдавецтва “Phaidon”. З таго моманту Болен пачне паступовы дрэйф ад рэпартажу і партрэту ў бок інсцэнізаванай, амаль тэатральнай фатаграфіі абсурду. Адной з прычынаў уцёкаў у свет (а хутчэй – цень) мараў і галюцынацый былі пастаянныя пытанні журналістаў і публікі ці не здзекуецца ён з герояў сваіх здымкаў – пераважна бедакоў і дзівакоў (напрыклад, адсталых ў развіцці блізнюкоў Дрэйсі і Кейсі з аднаімённай фатаграфіі).

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў