\tСпыніць алкагалізацыю народу


Спыніць алкагалізацыю грамадства. З гэткім патрабаваннем да ўладаў Беларусі звярнуўся аргкамітэт стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Сёння яе прадстаўнікі перадалі ў Савет Міністраў больш за 10 тыс. подпісаў грамадзянаў за адпаведныя змены ў заканадаўстве. Актывістаў прыняў першы намеснік кіраўніка ўраду Уладзімір Сямашка.

ВОЛЬГА КАВАЛЬКОВА, «БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ»:
“Ён даручыў разгляд нашай прапановы міністру аховы здароўя Жарко, міністру ўнутраных справаў Шуневічу і міністру гандлю, каб пасля яны змаглі нам усебакова адказаць”.

Сярод прапановаў БХД, між іншага, – абмежаваць час продажу алкаголю, павысіць мінімальны ўзрост патэнцыйных набыўцоў, а, перш за ўсё, забараніць рэкламу алкагольных напояў.

{movie}Спыніць алкагалізацыю народу (02.07.14) |right|17262{/movie}

МАРЫНА ХОМІЧ, «БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ»
“Мы пачалі гэтую кампанію таму, што, паводле апошніх звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь займае першае месца ў свеце ў спажыванні алкаголю. Праблема стаіць вельмі востра. Нам пагражае дэградацыя!”

А таму ў межах кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкагалізму” ўва ўсёй Беларусі сябры БХД цягам некалькіх месяцаў актывізавалі збор подпісаў грамадзянаў за прапанаваныя партыяй змены ў заканадаўстве. Напярэдадні чарговая акцыя прайшла ў Менску. Беспасярэдне на вуліцах і ў пад’ездах жылых дамоў сталіцы праходзілі сустрэчы актывістаў з тымі, хто пажадаў паставіць свой подпіс пад зваротам у Савет Міністраў.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Каб менш пілі, асабліва маладыя. Яны мусяць думаць пра сваю будучыню, а не прапіваць сваё жыццё”.

“Трэба даць людзям працу, зацікавіць нечым моладзь. Людзям няма чаго рабіць”.

“Малыя заробкі, адсутнасць перспектывы. Шмат хто не бачыць сэнсу свайго жыцця”.

“Замест алкаголю людзям мусяць даць нейкую альтэрнатыву. Што я буду рабіць увечары, калі не буду бухаць”.

Сур’ёзнасць праблемы і шляхі яе развязання ведае большасць рэспандэнтаў. Аднак ініцыятары антыалкагольнай кампаніі добра разумеюць, што найцяжэй у неабходнасці ўвядзення тэрміновых зменаў будзе пераканаць самую ўладу.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, «БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ»
“Улада дэкларуе, што выступае за здароўе нацыі, але рэальна адбываецца спайванне беларускай нацыі. За гэтым стаіць алкагольнае лобі з мясцовай наменклатурай. Ад гэтага ў кароткатэрміновай перспектыве нехта кладзе ў кішэню вялікія грошы”.

А таму антыалкагольныя акцыі працягнуцца. БХД падала ўжо каля сотні заявак на пікеты супраць алкагольнай прапаганды ў Беларусі. Да таго ж збор подпісаў працягнуць ува ўсёй краіне. Іх плануюць перадаць таксама абласным і гарадскім кіраўнікам.

Ян Бабіцкі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў