Беларускія «лясныя браты» з'явяцца ў новым кліпе гурта «Dzieciuki»


«Dzieciuki» здымалі кліп пра антысавецкі супраціў у лясах Гарадзеншчыны.

Кліп на песню «Лясныя браты» з альбому «Гарадзенскі гармідар» вырашылі здымаць у лясах пад Горадняй ля самай літоўскай мяжы. У якасці актораў выступілі ўдзельнікі гурта ў форме партызанаў 1940—1950-х гадоў. Як рэжысёр і аператар за справу ўзяўся Антон Цялежнікаў, вядомы сваімі дакументальнымі стужкамі «Беларускі супраціў» ды «Праклятыя і забытыя», у якіх распавядаецца пра невядомыя старонкі нацыянальнага супраціву падчас ды пасля Другой сусветнай вайны. У кліп увойдуць таксама некаторыя кадры, якія не ўвайшлі ў стужку «Праклятыя і забытыя».

Словы песні «Лясныя браты» напісаў кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Вакаліст гурта Алесь Дзянісаў не баіцца абвінавачанняў у пераглядзе гісторыі ды лічыць, што час ужо прызнаць існаванне такой з’явы, як антысавецкі супраціў і пачаць пра яе казаць уголас.

«Тут, у Заходняй Беларусі, няшмат людзей лічыла СССР сваёй радзімай, — распавёў спадар Дзянісаў. — За пару гадоў і беларусы, і палякі, і літоўцы паспелі адчуць на сваёй скуры «хараство» новай камуністычнай улады і зрабіць высновы. Казаць, што большасць насельніцтва была на баку саветаў ці немцаў, — гэта глупства і лухта. Людзі хацелі міру і спакою, а не расстрэлаў і рабаванняў, якія прынесла вайна, што тут пачалася, дарэчы, у 1939-м, а не ў 1941-м. Таму тыя, хто бачыў, што камуністы і нацысты — абое рабое, лічылі адзіным выйсцем узброены супраціў ды сыход у лясы».

Зусім нядаўна ў адкрытым доступе з’явіўся першы анімаваны кліп гурта на песню «Ладдзя Роспачы», якая ўвойдзе ў наступны альбом.

{movie}Кліп “Дзецюкоў” – “Ладдзя роспачы”|right|17243{/movie}

А зусім хутка, у пачатку ліпеня, скончацца здымкі відэа на песню «Сумнае рэгі» з таго ж «Гарадзенскага гармідару». 80% матэрыялаў для кліпа ўжо адзнятыя ў Курапатах ды Хатыні, таму найбліжэйшым часам «Dzieciukі» пацешаць сваіх фанатаў адразу дзвюма прэм’ерамі.

Больш фота ТУТ.

Алесь Кіркевіч, budzma.by

Стужка навінаў