Перад прылётам Пуціна Лукашэнка загаварыў аб незалежнасці па-беларуску



Напярэдадні з’яўлення кіраўніка Расеі ў Менску Аляксандр Лукашэнка публічна загаварыў на мове тытульнай нацыі. Такіх разгорнутых пасажаў не было даўно, напэўна, з 1990-х гадоў, падкрэсліў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі на сайце naviny.by.

Здаралася, праўда, што афіцыйны лідар Беларусі часам устаўляў беларускія словы ў расейскамоўную прамову, але дзеля таго, каб «патроліць» сваіх палітычных ворагаў-«свядомых», адзначыў эксперт.

На гэты ж раз, выступаючы ў Менску 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 70-й гадавіне вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню незалежнасці, кіраўнік Беларусі з пафасам прамовіў на матчынай мове даволі шырокі фрагмент дакладу з акцэнтам на «беларускую свабоду і незалежнасць сенняшняга дня».

{movie}Перад прылётам Пуціна Лукашэнка загаварыў аб незалежнасці па-беларуску |right|17240{/movie}

«Нас палохаюць, што з Усходу полчышчы прыйдуць»

Лёгкасць, з якой Расея далучыла «сваё спрадвечнае», не магла не напружыць кіраўніка дзяржавы, якая застаецца ў каласальнай залежнасці ад вялікай усходняй суседкі і населена ў значнай ступені русіфікаваным народам.

На ўрачыстым сходзе Лукашэнка фактычна выказаў гэтыя трывогі, збалансаваўшы заходняй пагрозай і змякчыўшы маркерам «абсурд»: «Нас палохаюць, што з Усходу полчышчы прыйдуць, а на Усходзе нас сёння пачынаюць палохаць, што з Захаду полчышчы прыйдуць, раздзеляць, раздушаць, разарвуць. Як прэзідэнт я абавязаны гэта мець на ўвазе і не адмаўляць ні адзін з варыянтаў, нават самых абсурдных».

Пасля гэтага Лукашэнка запэўніў, што ніхто беларусаў на калені не паставіць. З агаворкай: «Калі і паўстане хоць нейкая пагроза незалежнасці нашай краіны, то толькі з эканамічных прычынаў».

Сёння ў Менск на ўрачыстасці з нагоды 70-й гадавіны вызвалення ад гітлераўцаў мае прыляцець Пуцін, які, паводле спадара Класкоўскага, мае «зняць піяраўскія вяршкі з выгаднай падзеі, паказаць расейцам, што ў іх ёсць саюзнікі, ды замацаваць прарасейскі зрух у масавай свядомасці беларусаў».

МЯ, belsat.eu, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары