Каля 14 % беларусаў баранілі б незалежнасць са зброяй у руках


Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) з Вільні апублікаваў вынікі чэрвеньскага нацыянальнага апытання грамадскай думкі беларусаў.

Каля 60% апытаных беларусаў адмоўна ацанілі ўкраінскі Еўрамайдан і адхіленне ад улады Віктара Януковіча. Столькі ж апытаных станоўча паставіліся да далучэння Крыму да Расеі, палічыўшы гэты працэс законным.

З улікам далейшага развіцця падзеяў ва Украіне, Еўрамайдан і адхіленне ад улады прэзідэнта Януковіча станоўча ацанілі 23,2% апытаных, адмоўна – 63,2%, далучэнне Крыму да Расеі назвалі «імперыялістычным захопам, акупацыяй» 26,9%, а «вяртаннем Расеі расейскіх зямель, аднаўленне гістарычнай справядлівасці» – 62,2%.



Падзеі, якія вясной гэтага года адбываліся на ўсходзе Украіны, у першую чаргу ў Данецкай і Луганскай абласцях, ацанілі як «мяцеж, арганізаваны Расеяй» 23,2%, а як «народны пратэст супраць нелегітымнай улады» – 65,5%.

Да новага прэзідэнта Украіны, абранага 25 траўня, станоўча ставяцца 12%, абыякава – 36%, адмоўна – 21,1%, не лічаць яго законным прэзідэнтам Украіны -15%.

Беларусы не бачаць расейскай пагрозы

Траціна апытаных лічаць неверагодным, «што Расея можа далучыць усю тэрыторыю Беларусі або яе частку», магчымым, але малаверагодным – 36,4%, вельмі верагодным – 26,3%, непазбежным – 4,4%.

Як адзначаюць сацыёлагі, невысокі ўзровень трывогі з нагоды магчымай пагрозы з боку Расеі тлумачыцца, верагодна, тым, што большасць беларусаў не бачаць наяўнасці ў краіне галоўнай прычыны, выкарыстанай для вяртання Крыма і наступных дзеянняў у Паўднёва-Усходняй Украіне: толькі 4,8% апытаных згодныя з тым, што ў Беларусі парушаюцца правы расейскамоўнага насельніцтва, а 93,2% з гэтым не згодныя.

У той жа час, канстатуюць у НІСЭПД, дадзеныя апытання не сведчаць аб вялікай гатоўнасці беларусаў у выпадку пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці краіны пайсці як за афіцыйным лідарам краіны, так і за яго апанентамі.

Калі б гэта адбылося, то пра гатоўнасць «супраціўляцца са зброяй у руках» заявілі 14,2% рэспандэнтаў, 47,7% «імкнуліся б прыстасавацца да новай сітуацыі», а 16,5% наогул «віталі б гэтыя змены».

На пытанне «Ці ёсць у нашага народа, у нашай краіны ворагі?» толькі 12,8% адказалі, што «наша краіна акружана ворагамі з усіх бакоў», а амаль 30% лічаць, што «самыя небяспечныя нашы ворагі – скрытыя, унутраныя».

МЯ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў