Крым: у памяшканні «Mcdonald's» адчыняецца «РусБургер»


У новым рэстаране будуць прадаваць бургеры «Царскія» і курыныя крылцы «Ад Гарыныча».

Кампанія «РусБургер» адкрывае ў Севастопалі рэстаран у памяшканні, якое раней займаў «Mcdonalds». Расейскую версію фастфуду ўжо можна набыць у Маскве, Цверы, на Алтаі.

«РусБургер» заяўляе, што ў адрозненне ад заходніх гандляроў фастфудам, зрабіў стаўку на «свежае парное мяса маладых бычкоў». «Людзі стаміліся ад адсутнасці смаку і засумавалі па смаку Расеі. Нашае насамрэч смачнейшае», – гаворыцца ў рэкламнай улётцы. У ёй жа кампанія сцвярджае, што бургеры – гэта не амерыканскае ноу-хаў: «Ласунак з праснаку і мяса прыдумалі яшчэ ў часы Залатой Арды і разрозненых расейскіх княстваў […] Час узгадаць вытокі ды вярнуць славу расейскага бургера!»

Дырэктар «РусБургеру» па развіцці Георгій Асланян распавёў «Інтэрфаксу», што першы і пакуль адзіны рэстаран у Крыме – яшчэ ў планах, але памяшканне ўжо рыхтуецца.

Кампанія «Mcdonalds» валодала трыма рэстаранамі ў Крыме – у Севастопалі, Сімферопалі і Ялце. Усе яны спынілі працу на пачатку красавіка, неўзабаве пасля ўваходжання Крыму ў склад Расеі. Памяшканні ў Сімферопалі і Ялце пакуль не выкарыстоўваюцца.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў