У Літве не забароняць прадаваць зямлю зямежнікам


Учорашні рэферэндум паказаў: грамадзяне не запаліліся ідэяй «абараніць Літву ад распродажу». Большасць з іх не прыйшла да выбарчых скрыняў.

У ЦВК пацвердзілі, што актыўнасць на рэферэндуме была рэкордна нізкаю – усяго 15 % выбарнікаў прыйшлі на ўчасткі аддаць свой голас. За змены ў Канстытуцыі, якія б забаранілі продаж зямельных надзелаў замежнікам і юрыдычным асобам, выказаліся амаль 270 тыс. выбарнікаў. Аднак у маштабе ўсёй краіны гэта толькі 10 % грамадзянаў. Нават подпісаў за ініцыятыву рэферэндуму было болей – 320 тыс. прозвішчаў.

{movie}У Літве не забароняць прадаваць зямлю зямежнікам |right|17212{/movie}

«Па-свойму гэты рэферэндум, бясспрэчна, быў папулісцкай дзеяй, – лічыць палітычны аглядальнік з Вільні Віктар Дзенісенка. – Сілы, якія імкнуліся, каб гэты рэферэндум быў праведзены, – гэта антыеўрапейскія сілы».

Ініцыятары рэферэндуму заклікалі людзей працягнуць забарону на пакупку зямлі, каб не дапусціць масавага пераезду ў Літву замежнікаў, а таксама сваволля магутных карпарацыяў. Урад жа краіны не падтрымаў гэткае задумы. Прычына – абавязкі перад Еўразвязам, які вымагае свабоднага рынку. Праеўрапейскія настроі перамаглі.



У Літве, каб зыніцыяваць папраўкі да Канстытуцыі, трэба падтрыманне фактычна кожнага восьмага поўнагадовага грамадзяніна.

Арганізатары збіралі подпісы за рэферэндум больш як паўгода і ледзь дасягнулі неабходнае колькасці. Таму ў бюлетэні значылася і пытанне пра зніжэнне планкі заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў да 100 тыс. подпісаў. Аднак ніводная з прапанаваных паправак не трапіць у літоўскую Канстытуцыю.

Настасся Яўмен, Вільня, belsat.eu

Стужка навінаў