Праз «Facebook» навукоўцы ладзілі эксперымент на людзях


Групе карыстальнікаў сацыяльнай сеткі адмыслова паказвалі ў стужцы навінаў у асноўным негатыўныя допісы, каб паглядзець, як зменіцца настрой іхных допісаў. Больш за 600 тыс. інтэрнаўтаў не ведалі, што яны бяруць удзел у эксперыменце і што іхная стужка навінаў падвяргаецца «эмацыйнай цэнзуры».

Даследаванне ладзілі навукоўцы Карнэльскага і Каліфарнійскага універсітэтаў (Сан-Францска). Эксперымент праводзілі ў 2012 годзе цягам аднаго тыдня, павялічваючы і зніжаючы ў стужцы навінаў колькасць публікацый пазітыўнага характару. Інтэрнаўты, якія бачылі ў асноўным дэпрэсіўныя допісы, таксама пачыналі пісаць негатыўныя пасты, і наадварот.

«Лічбавыя эмоцыі» аказаліся даволі заразныя, пішуць даследчыкі. – Людзі часцей выкарыстоўваюць словы са станоўчаю эмацыйнай афарбоўкаю, калі яны цягам тыдня бачаць менш навінаў негатыўнага характару».

Аднак сам эксперымент, што праводзілі без ведама карыстальнікаў, выклікаў буру негатыўных эмоцыяў. Карыстальнікі «Facebook» патрабуюць ад кіраўніцтва сацыяльнай сеткі спыніць падобныя эксперыменты з маніпуляцыяй. З іншага боку, у карыстальніцкім пагадненні «Facebook» утрымліваецца пункт, паводле якога інтэрнаўт пагаджаецца на ўдзел у даследаваннях.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў