КНДР просіць Паўднёвую Карэю пра замірэнне


Улады Паўночнай Карэі прапанавалі перамір’е Сеулу пасля таго, як летась Пхеньян самастойна разарваў дамову аб ненападзенні.

Як паведамляе паўднёвакарэйскае агенцтва «Yonhap», Пхеньян прапанаваў з 4 ліпеня прыпыніць усе ваенныя дзеянні, у тым ліку «псіхалагічную вайну і прапаганду». Лідар КНДР Кім Чэн Ын зазначае, што выпрабаванні балістычных ракетаў ажыццяўляліся выключна з мірнаю мэтаю.

Прапанова Пхеньяну можа скончыць дээскалацыю напружанасці ў спрэчным памежным раёне Жоўтага мора. У прыватнасці, паўночнакарэйскія ўлады заклікаюць адмовіцца ад вучэнняў з баявымі стрэльбамі ў рэгіёне, перадае «РИА Новости».

Такія ініцыятывы могуць быць абумоўленыя візітам старшыні Кітаю Сі Цзінь Піна. Кіраўнік КНР мае намер абмеркаваць з прэзідэнтам Пак Кын Хэ ядравую праблему, звязаную з КНДР.

Прычынаю разрыву ўмовы аб ненападзенні паслужылі найбуйнейшыя за апошнія 20 гадоў ваенныя вучэнні ЗША і Паўднёвае Карэі. Тады ж Кім Чэн Ын намякнуў, што гатовы «разгарнуць святую вайну за ўз’яднанне радзімы». У КНДР правялі ўласныя вучэнні, а таксама паводле некаторых звестак шпіёнілі за тым, што адбываецца на поўдні з дапамогаю беспілотнікаў, піша Newsru.com.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў