Каля Данецку забілі яшчэ аднаго расейскага журналіста


Аператар «Первого канала» Анатоль Клян памёр ад агнявога ранення ў жывот.

Трагедыя адбылася побач з адной з вайсковых частак, куды здымачная група тэлебачання прыехала рабіць рэпартаж, перадае «Первый канал». Нечакана пачулася страляніна. Пад агнём апынуліся таксама здымачныя групы РЕН-ТВ і «LifeNews».

{movie}Абстрэл расейскіх журналістаў пад Данецкам|right|17207{/movie}

Як паведамляе ИТАР-ТАСС, журналістам удалося ад’ехаць ад часткі. Людзі выйшлі на вуліцу, аднак зноў пачаўся аўтаматны агонь. Менавіта тады аператар, які здымаў абстрэл, атрымаў раненне. Кляна даставілі ў найбліжэйшы медычны пункт, але ўратаваць яго не атрымалася.

Журналісту было 68 гадоў, з іх больш за 40 ён адпрацаваў на «Первом канале».

Паездку арганізавала прэс-служба самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі». Разам з журналістамі ў аўтобусе ехалі маці жаўнераў тэрміновай службы. Яны хацелі забраць сваіх сыноў дадому.

Гэта не першая ахвяра сярод журналістаў на Данбасе.

У чэрвені каля Луганску загінулі двое працаўнікоў расейскага тэлеканала «Россия-1» – карэспандэнт Ігар Карнялюк і гукааператар Антон Валошын. Яны трапілі пад мінамётны абстрэл каля блокпосту рушэнцаў. А ў траўні каля Славянску загінулі італьянскі фатограф Андрэа Ракеллі і ягоны перакладнік Андрэй Міронаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў