У Варшаве ўзгадалі бітвы пад Палонкаю ды пад Воршаю (фота)


Гэты дзве славутыя бітвы ў супольнай гісторыі ваяроў Вялікага Княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітай адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Аднак узгадваюць іх – у Польшчы. Рыцарскія клубы ды аматары гістарычнай рэканструкцыі зладзілі рыцарска-гістарычны пікнік у сталіцы Польшчы.
У суботу адбыліся спаборніцтвы конных лучнікаў і конкурс коннікаў, а галоўнаю падзеяй была рэканструкцыя бітвы пад Палонкаю. Яна адбылася 28 чэрвеня 1660 года на Наваградчыне ды стала пераломнаю ў Трыццацігадовай вайне. Гусары Рэчы Паспалітай распачалі імклівую атаку, у выніку якой змялі, пасеклі і патапілі маскоўскую пяхоту. Непрыяцель, што стаяў перад пераправай, змог зрабіць толькі адзіны залп.
Паспяховай была атака гусараў, якія прымусілі маскоўскую конніцу ўцякаць. Па гэтым абаронцы Рэчы Паспалітай нанеслі супольны ўдар па астатняй пяхоце захопнікаў.
Бітва скончылася поўным разгромам войскаў Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў. Мноства ратнікаў, трапіла ў палон. Маскоўскі камандуючы Іван Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да Ляхавічаў, зняў аблогу замка і пачаў імклівы адыход на Полацк.
У нядзелю аматары сярэднявечча паказалі гледачам інсцэнізацыю бітвы пад Воршаю (1514 г.) – паміж літоўскім і маскоўскім войскамі на рэчцы Крапіўне. Аршанская бітва была адной з найбуйнейшых у Еўропе ў пачатку ХVІ стагоддзя. Пасля гэтай перамогі літоўскае войска пачало вяртаць занятыя маскавітамі гарады: Друцак, Дуброўну, Крычаў. У сённяшняй Беларусі грамадскасць адзначае ўгодкі гэтай бітвы як Дзень вайсковай славы.
МЛ, belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары