Суд над затрыманым у Расеі 24-гадовым беларускім анархістам перанеслі на 3 ліпеня


Судзіць затрыманага ў сакавіку на ўкраінска-расейскай мяжы беларускага анархіста Дзмітрыя Разановіча будуць 3 ліпеня.

Маладзёна вінавацяць у незаконным мінанні расейскай мяжы. Судовы працэс супраць яго планаваўся на 24 чэрвеня, але паседжанне перанеслі з невядомых прычынаў, паведамляе сайт беларускага анархісцкага руху abc-belarus.org.

24-гадовы жыхар Гомля Дзмітрый Разановіч быў затрыманы ноччу 14 сакавіка пры спробе мінуць украінска-расейскую мяжу з чужым пашпартам. Ён патлумачыў, што збіраўся ехаць з Кіева ў Курск да сваякоў праз Маскву. У Разановіча быў пашпарт ягонага брата, свайго ён не меў. Расейскія памежнікі перадалі Дзмітрыя прадстаўнікам расейскай Федэральнай службы бяспекі (ФСБ), якія адканваявалі яго ў Курск. З 16 сакавіка маладзён застаецца ў дэпартацыйным цэнтры для замежных грамадзянаў. Чакалася, што пасля атрымання з Беларусі дакументаў, якія пацвярджаюць асобу Дзмітрыя Разановіча, яго дэпартуюць на радзіму, але гэтага не адбылося.

Анархісту пагражае штраф памерам да 200 тысяч расейскіх рублёў альбо пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў