У Віцебску беларусы і расейцы аднаўлялі вайну (фота)


Сябры вайскова-гістарычных клубаў Беларусі і Расеі аднавілі ў Віцебску падзеі Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 года, у выніку якой горад быў вызвалены ад гітлераўцаў.

Рэканструяваны бой праходзіў у парку Партызанскай Славы недалёка ад музею Міная Шмырова. Удзел у ім узялі каля сотні вайсковых рэканструктараў з розных клубаў: «3-ці пяхотны полк» (Пскоў), «Дэнмарк» (Варонеж), «1-я Армія Войска Польскага» (прадстаўнікі з Менску, Санкт-Пецярбургу і Серпухава), «Апошні рубеж (Магілёў), «Гонар мундзіра» (Гомель), «Знамя» (Гомель), «Фельд-Дывізіён», «Эпоха», «4-ты паветрана-дэсантны корпус», «Таварышы па зброі» (Менск).

Тэатралізаванае відовішча, якое праходзіла ў межах святкавання 1040-годдзя Віцебску, заняло ўсяго каля чвэрці гадзіны, рыхтаваліся да яго некалькі дзён — такой масавай гістарычнай рэканструкцыі ў горадзе яшчэ не ладзілі.

Арганізатарам інсцэнізацыі выступіў віцебскі музей Міная Шмырова пры падтрыманні аблвыканкаму і гарвыканкаму. Таксама паспрыяла ў арганізацыі 103-я асобная мабільная брыгада, дзейную зброю і тэхніку прывезлі з «Лініі Сталіна».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў