ААН заклікае сепаратыстаў ва Украіне скласці зброю


Рада ААН па правах чалавека прыняла ўчора рэзалюцыю па Украіне. Як паведамляе Цэнтр навінаў ААН, рэзалюцыю падтрымалі 23 дэлегацыі, супраць выказаліся 4 і 19 – устрымаліся.
Сааўтары рэзалюцыі асудзілі гвалт і парушэнні, учыненыя незаконнымі ўзброенымі групамі, уключаючы выкраданні, незаконныя затрыманні, забойствы, катаванні і жорсткае абыходжанне, знікненні ды ўціск журналістаў, міжнародных назіральнікаў і іншых асоб.
У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да чальцоў ўсіх незаконных узброеных груп неадкладна раззброіцца і вызваліць затрыманых, а таксама вызваліць занятыя адміністрацыйныя будынкі ў адпаведнасці з палажэннямі Жэнеўскай супольнай заявы.
Аўтары рэзалюцыі віталі правядзенне 25 мая 2014 года прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне. Разам з тым, яны выказалі заклапочанасць тым, што “асобныя асобы не змаглі прыняць удзел у галасаванні ў некаторых месцах Луганскай і Данецкай абласцей з прычыны сістэматычных дзеянняў незаконных узброеных груп па зрыву выбараў, а таксама ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопалі”.
У рэзалюцыі гаворыцца пра неабходнасць неадкладнага спынення ўсіх актаў дыскрымінацыі і прыгнёту, у тым ліку ў Крыме. «Савет заклікае да неадкладнага спынення ўсіх актаў дыскрымінацыі і прыгнёту, у прыватнасці ў дачыненні да асоб, якія належаць да меншасцяў і карэнным народам, а таксама іншых жыхароў Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля, якія не падтрымалі незаконны рэферэндум, уключаючы этнічных украінцаў і крымскіх татараў», – адзначаецца ў прынятым дакуменце.
Зазначаецца, што ўсе зацікаўленыя бакі ў Украіне павінны садзейнічаць стварэнню бяспечных і спрыяльных умоў для журналістаў з тым, каб яны маглі незалежна і без неабгрунтаванага ўмяшання выконваць сваю працу.
Гэтая рэзалюцыя заклікае ўрад Украіны працягваць намаганні па правядзенні рэформаў, накіраваных на ўмацаванне абароны правоў чалавека ўсіх грамадзян, вяршэнства закона і дэмакратыі, у прыватнасці ў абласцях, вызначаных місіяй па назіранні.
АК, belsat.eu, паводле unian.net
Стужка навінаў