Падарунак Менску з намёкам: меч Перамогі з партрэтамі Пятра І і Суворава


Меч вырабілі златавустаўскія майстры да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

Сувенір вырабілі майстры з гораду Златавуст у Чэлябінскай вобласці, які быў заснаваны ў 1754 годзе разам з жалезаробным заводам. Меч перададуць Менску падчас урачыстасцяў афіцыйнага Дня незалежнасці 3 ліпеня. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт ураду Чэлябінскай вобласці Расейскай Федэрацыі.

Ножны ўпрыгожваюць малюнак Зоркі Героя і партрэты расейскіх дзяржаўных дзеячаў ды палкаводцаў розных эпохаў – ад князя Аляксандра Неўскага да Георгія Жукава, які ўзначальваў аперацыю вызвалення Беларусі ад нацыстаў. На клінок з абодвух бакоў нанесеныя надпісы: «Гораду-герою Менску» і «Хто з мячом да нас прыйдзе, той ад мяча і загіне». Асобнік пакрыты золатам 999,9 пробы ды інкруставаны напалову каштоўнымі камянямі.

Аўтарамі ідэі ды праекту выступілі Герой Савецкага Саюзу, заслужаны лётчык Расейскай Федэрацыі, палкоўнік Валянцін Турэнка ды Герой Расеі, падпалкоўнік Сяргей Зяблаў. Як тлумачаць аўтары працы, выраб сваёй формай і зместам сімвалізуе «нязломны дух, згуртаванасць і гераізм савецкага народу».

У афіцыйным паведамленні на сайце ўраду Чэлябінскай вобласці зазначаюць, што на Паўднёвым Урале жывуць больш за 20 тыс. беларусаў, падчас жа Другое сусветнае вайны «дзясяткі тысяч» уральцаў пралівалі кроў, вызваляючы Беларусь, а іхныя землякі ў тыле вырабілі 18 тыс. танкаў і САУ (самаходных артылерыйскіх установак).

АК, belsat.eu, паводле pravmin74.ru
Стужка навінаў