Парад для каго?


На сталічных вуліцах – ракетныя комплексы, танкі і бронетэхніка. Поўнаю хадою вайскоўцы рыхтуюцца да параду, прымеркаванага да Дня незалежнасці. Як і ў мінулыя гады, улады збіраюцца адзначыць 3 ліпеня, дзень, у які 70 гадоў таму Менск заняла Чырвоная Армія, з помпаю, у найлепшых традыцыях савецкіх часоў.

{movie}Парад для каго?|right|17192{/movie}

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Для мяне танкі – гэта сімвал вызвалення Беларусі, радзімы. Я ведаю, што гэта не з вайсковымі мэтамі, а проста нагадаць, колькі каштавала ахвяраў, каб было ў нас так, як цяпер ёсць”.
“Трэба ж, каб усё было прыгожа, каб горад не ўпаў тварам у гразь”.

У імя такіх вось эстэтычных і патрыятычных пачуццяў некаторыя менчукі сапраўды гатовыя цярпець і тыя нязручнасці, якія ўзнікаюць у цэнтры сталіцы ў дні рэпетыцыяў параду. Але ж большасці сталічных жыхароў перасоўванне па цэнтры гораду вайсковае тэхнікі не даспадобы. Перадусім з-за перакрыцця дарожнага руху, і як вынік – гіганцкіх коркаў.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Вельмі кепска, я нават сёння на працу спазнілася на гадзіну і пятнаццаць хвілінаў. Ехала маршруткаю праз Арлоўку, другое кальцо, і быў перакрыты рух”.
“Нязручна. Усе людзі дадому едуць, дзетак з садка забіраць зноў жа”.
“Вось зараз я траплю ў затор і буду адчуваць вельмі негатыўныя эмоцыі”.

З-пад тракаў жа шматтоннай тэхнікі вылятаюць кавалачкі асфальту, на дарозе застаюцца шурпатыя пасы.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Я перажываю за дарогі, бо якасць дарогі на Сурганава значна горшая становіцца”.
“Вайсковая тэхніка, натуральна, псуе асфальт, а жаўнеры няхай ходзяць, добра”.

Постпарадныя ж рамонты дарогаў некалькі разоў на год у Менску павялічваюць выдаткі і на без таго нятанныя святкаванні.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Я супраць, супраць растраты грошай на такія імпрэзы, я лічу, што сацыяльныя праграмы патрабуюць большага фінансавання. На маю думку, для Беларусі гэта празмерная раскоша”.
“Панты каштуюць грошай, усім зразумела. Хоць і такія”.

Падчас учорашняй рэпетыцыі не абышлося і без форс-мажораў. Карыстальнікі сацыяльных сетак паведамілі пра ўзгаранне танка, не даехаў да месца прызначэння і адзін з ракетных комплексаў.

Менчукі ж чарговы раз мусяць рыхтавацца да нязручнасцяў – наступная рэпетыцыя параду запланаваная ўжо на суботу. Перакрываць рух пачнуць практычна ў гадзіну пік, з 16:30.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў