Маруся ў Цудакуце. Кобрын


Мы на машыне едзем да новай прасторы. Апошнім часам маці перастала планаваць мапу, бо калі плануеш, з неба спускаецца чараўніца навальніца і ператварае лета ў восень. У машыне праз вокны я разглядаю гаспадарку, якая сустракаецца ў вёсках, – кароўкі, конікі, козачкі… пачынаецца лес, лесавікі падміргваюць, спявае зязюля далёка-далёка, але чуваць праз адчыненае акенца. Вось зараз, калі мне ўключаць калыханку “доўгі дзень, цёплы дзень адплывае за аблокі…”, я заплюшчу вочы, у сне сустрэну прыгажуню русалку ці каля дуба ляснога коціка…

Раптоўна мы спыняемся, але трапляем не ў Берасце, трапляем у Кобрын. Кобрын – маленькі, ён падаецца мне на малодшага сыночка, які не падобны на старэйшых брацікаў – шэрых вялікіх монстраў. Вось ехала я столькі шмат, адчыніла вочы, паглядзела на падлогу-сцежку і бачу плітку, якую я сустракала ўсюды, дзе хадзілі мае новыя боты.

І навошта тады ехаць так далёка? Мама кажа, што існавала ў гарадах штогод такое свята “Дажджынкі”. Там, дзе дажджынкі прыйшлі, павінна старое ператварыцца ў новае, як сукенка ў Папялушкі. Аднолькавая плітка мне не спадабалася: дрэнна па ёй на роліках рухацца!

Мы пайшлі гуляць у цэнтр. Увага, увага, вас сустракае вуліца-цудакуціца! На вуліцы імя Суворава машыны не гойсаюць, яна толькі для пешаходаў. Кажуць, што гэты горад быў падораны палкаводцу Сувораву, і ён жыў тут некаторы час. У Кобрыне і парк ёсць, таксама ў мінулым сувораўскі. Вось цікава, калі я вырасту, можна і мне атрымаць які-небудзь горад у падарунак? У сваім падарункавым горадзе я буду называць вуліцы імёнамі сяброў, а ў кожнай краме папрашу, каб прадаваліся адны цукеркі з лялькамі ды фарбамі.

Тата і матуля заўважылі цікавую рэч і вельмі здзівіліся: на кожным будынку ў цэнтры знаходзіцца пасведчанне – гістарычная каштоўнасць!

Гістарычная каштоўнасць – гэта калі нешта такое старое, што яго трэба шанаваць, як бабулю, а разбурыць нельга. Будынкаў з словамі “гістарычная каштоўнасць” у Кобрыне вельмі шмат, таму кожную хатку не зрабілі музеем, а аддалі яе выкарыстоўваць пад прыватныя ці дзяржаўныя мэты. Зрабілі там і крамы, і офісы, і ўстановы.

Мы пайшлі на набярэжную, дзе знаходзіцца Лядовы палац. Лядовы палац і аквапарк у Кобрыне таксама з’явіліся падчас дажджынак. Я запыталася, ці гэта каштуе шмат – будаванне палацаў, мабыць і ў вёсках іх магчыма пабудаваць, бо вясковыя дзеці кажуць, што ў іх там бывае вельмі сумна і “няма магчымасцей”. “Калі ўсюды палацы будаваць, дык мы ператворымся ў снежнае каралеўства!” – мамачка рассмяялася, а потым задумалася і пачала лічыць беларускія палацы. На жаль, “лядоўня” не працавала, у ёй да жніўня спецыяльныя працы праводзяць, здаецца, лёд улетку растаў.

Яшчэ Кобрын мне спадабаўся, бо я знайшла ў ім цікавую рэч, якую тата назваў “графіці”: графіці малююць на сцяне ці плоце – вось гэта мара! Ці не застацца мне тут на вакацыі, каб маляваць на вуліцах і ніхто мяне за гэтае не пакрыўдзіў?…

Калі мы крочылі па дварах у цэнтру, заўважылі, што мясцовыя жыхары клапоцяцца пра сартаванне смецця. “Як прыемна,” падумала я, бо матуля абяцала, што ў нашай уласнай хаце ў двары таксама будзе стаяць ажно чатыры скрыні!

“Які горад нагадвае табе Кобрын?” – запыталася мамачка. Я адказала, што нічога ён мне не нагадвае, Кобрын – гэта Кобрын, а потым успомніла, што недзе на свеце існуе цудакут. Дык, мабыць, гэта ён?..

Гісторыю запісала Зарына Бабко для belsat.eu

Стужка навінаў