Расея і Еўропа павінны быць разам


Старшыня Еўрапейскай рады Херман ван Ромпёй заклікаў Маскву разам будаваць бяспечную будучыню еўрапейскага кантыненту.

З такой заявай еўрапейскі чыноўнік выступіў падчас сённяшняй цырымоніі падпісання Пагаднення аб асацыяцыі ЕЗ з Украінай, Малдовай і Грузіяй.

«Хачу закрануць адносіны Расеі з Грузіяй і Малдовай, а таксама Украінай. Мэсідж Еўразвяза сёння заключаецца ў тым, што мы стаім побач з вамі, і вы можаце разлічваць на нашу салідарнасць і падтрымку вашай тэрытарыяльнай цэласнасці», – звярнуўся Рампёй да лідараў Украіны, Грузіі і Малдовы падчас выступу у Брусэлі. «Мы спадзяемся, што Расея ўсведамляе, што мы павінны быць разам, разам клапаціцца пра нашу супольную бяспечную будучыню. Мы павінны стварыць стабільны еўрапейскі кантынент, і Грузія, і Малдова абавязкова будуць часткай гэтага кантынента. Гэта будзе вялікі дзень для Еўропы», – падкрэсліў старшыня Еўрапейскай рады і паабяцаў Грузіі і Украіне бязвізавы рэжым і інтэграцыю ў еўрапейскую эканоміку. «Наша мэта – поўная інтэграцыя вашых эканомік з Еўропай, а бязвізавы рэжым зблізіць нашыя народы».

У сваю чаргу кіраўніцтва Расеі прапануе Украіне працягнуць перамір’е і распачаць перамовы з г. зв. «Саюзам народных рэспублік» (аб’яднанне самаабвешчанай Данецкай і Луганскай народных рэспублік). «Мы шчыра намагаемся» садзейнічаць мірнаму працэсу ўва Украіне, адзначыў у нядаўняй заяве Урадзімір Пуцін.

У сваю чаргу кіраўнік украінскага МУС сёння нагадаў, што ў сепаратыстаў засталося некалькі гадзін на тое каб скласці зброю і пайсці на саступкі Кіева. Афіцыйна перамір’е мае скончыцца сёння а 22 гадзіне па Кіеву. Па непадцверджанай інфармацыі прэзідэнт Украіны працягнуў перамір’е на 72 гадзіны.

Чытай таксама: Вайна ва Украіне: Перамір’е як падрыхтоўка ўдару

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў