Атрутны гігант знішчае беларускія палі


https://youtu.be/8sNEdeVa0m8
Будзьце ўважлівыя на прыродзе! Кожнае лета ўзрастае небяспека атрымаць хімічныя апёкі ад атрутнае расліны. Размова пра баршчэўнік, ён жа баршчавік. Гэты гіганцкі парасон да 4-х метраў вышынёю прыйшоў у Беларусь з Каўказу ў сталінскія часы.

Паводле задумы савецкіх аграномаў, баршчэўнік Сасноўскага мусіў дапамагчы народнай гаспадарцы як высокаўраджайная кармавая расліна. А цяпер траву-гігант цяжка выгнаць з захопленае зямлі.

{movie}Кусачы парасон |right|17175{/movie}

Мікалай Ламан, Інстытут эксперыментальнай батанікі:
“Баршчэўнік Сасноўскага ўтрымлівае шмат цукраў, добра сіласуецца, але, акрамя гэтага, ён утрымлівае фуракумарыны”.

Гэтыя фуракумарыны і апякаюць, але не так, як крапіва. Сок баршчэўніку крытычна павышае чуллівасць скуры да сонечных промняў.

Мікалай Ламан, Інстытут эксперыментальнай батанікі:
“Смыленне і сверб пасля сутыкнення з баршчэўнікам зъяўляецца толькі праз некалькі гадзінаў”.

Але наступствы бываюць сур’ёзныя. Апёкі, моцная алергія, пры пападанні соку баршчэўніку ў вочы – нават страта зроку. Часцей за ўсё церпяць тыя, хто не ведаў пра небяспеку расліны, у тым ліку дзеці.

Жыхары Менску:
“Я ў курсе пра яго і ведаю, што небяспечны”.
“Упершыню чую пра такую расліну”.
“Яго нічым не вывесці, гэта пустазелле нейкае”.
“Я пару разоў вельмі апякаўся гэтым баршчэўнікам. Плямы вялікія, як пухіры такія былі”.

Лекары хуткае дапамогі штолета выязджаюць да пацярпелых ад баршчэўніку. І ведаюць, што рабіць, калі атрутны сок трапіў на скуру.

Аляксандр Валчанін, фельчар хуткай дапамогі:
“Трэба анучкаю прамакнуць і пакласці павязку. А калі вы прыйшлі дадому, у хатніх умовах, то можна змачыць спіртам альбо вадою”.

І важна потым не выходзіць на сонца без павязкі на пашкоджанай частцы цела. А калі ад баршчэўніку з’яўляецца задышка, гэта можа быць прыкметаю анафілактычнага шоку. Тэрмінова тэлефануйце ў хуткую дапамогу.

У нашых шыротах баршчэўнік пачуваецца цудоўна і захоплівае новыя землі. Толькі ў Менску “сталінская трава” заразіла 172,16 га зялёнае зоны. Яго косяць, яго выкопваюць, яго травяць гербіцыдам, але баршчэўнік не здаецца.

Мікалай Ламан, Інстытут эксперыментальнай батанікі:
“Той запас насення ў глебе, які маецца, дазваляе аднавіцца папуляцыі ўжо налета”.

Прычым насенне з ужо вырванае расліны можа ўзыходзіць цягам 10-ці гадоў. Таму біць зялёнага ворага трэба пастаянна, не пакідаючы ніводнае кветкі і ніводнага куста нават па суседству. Але змагацца абавязкова трэба асцярожна і ў закрытай вопратцы.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары