«Лятучыя атрады» Сямашкі


Заваяваць спярша ўнутраны рынак, а потым – і суседнія. Гэткую тэрміновую задачу айчыннай прамысловасці паставіў урад.

{movie}«Лятучыя атрады» Сямашкі|right|17172{/movie}

ПЁТР ПРАКАПОВІЧ, ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР РБ:
“Нашыя тавары, калі яны заваююць беларускі рынак, яны заваююць і расейскі рынак, і казахскі, рынак у Прыбалтыцы і Украіне. Тут дзве задачы: і свой рынак заваяваць, і пашырыць экспарт сваіх тавараў за межы краіны”.

Чаму ж урад пастанавіў распачаць канкурэнтную вайну за беларускі рынак менавіта цяпер? Эксперты тлумачаць – рэч у тым, што абараняць яго адміністратыўнымі захадамі, як дасюль, становіцца ўсё складаней. Бо пагадненні аб Еўразійскім саюзе перашкаджаюць уладам ужываць абмежавальныя захады не толькі супраць расейскіх тавараў, але і чыніць трэцім краінам большыя перашкоды, чымся яны маюць на расейскім рынку.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
“Да гэтага часу ў нас былі магчымасці выкарыстоўваць захады тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання. Пасля таго, як Расея падалася да Сусветнай гандлёвай арганізацыі, 98 % нашага гандлю прыпадае на краіны Сусветнай гандлёвай арганізацыі”.

Але ад старых метадаў адмовіцца цяжка. Рэзка палепшыць канкурэнтаздольнасць айчыннай прамысловасці віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка прапаноўвае шляхам стварэння новых міжведамственных групаў. А назваць іх па-вайсковаму – лятучыя атрады. Іх задача – браць узоры айчыннай ды імпартнай прадукцыі ў крамах, параўноўваць іх, і, па выніках гэтага аналізу тлумачыць вытворцам, як дагнаць і перагнаць замежных канкурэнтаў. Але ці развяжа гэта галоўную праблему беларускае прамысловасці, вялікая частка якой працуе яшчэ з савецкіх часоў і на выданне сучаснай, прывабнай прадукцыі нярэдка не мае тэхналогіяў.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
“Мой дзед быў рымар і шыў хамуты. І ён даваў на іх гарантыю 15 гадоў. Але тут мусіць быць і спажывец.”

Між тым, прыватны бізнес, які вырабляе запатрабаваную прадукцыю без дзяржаўнага падтрымання, па-ранейшаму сутыкаецца з перашкодамі з боку дзяржчыноўнікаў, якія нярэдка абараняюць такім чынам падшэфныя ім дзяржпрадпрыемствы ад прыватных канкурэнтаў. Развязанню гэтае праблемы на ўчорашняй сустрэчы з бізнесоўцамі абяцаў пасудзеяць віцэ-прэм’ер Пракаповіч.

УЛАДЗІМІР КАРАГІН, КАНФЕДЭРАЦЫЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА:
“Пракаповіч крытыкаваў нашую ўладу менскую. Ён казаў: усё, што пачуў, можна вырашыць на месцы. Чаму не вырашаеце? Значыць, не на месцы кадры. Значыць, трэба мяняць. Значыць, трэба мяняць дырэктараў заводаў, якія не па-дзяржаўнаму абыходзяцца з маёмасцю. Трэба мяняць кіраўнікоў”.

Праўда, прадпрымальнікі адзначаюць: абяцанні міністра нярэдка разбіваюцца аб сабатаж на ніжэйшым узроўні.

УЛАДЗІМІР КАРАГІН, КАНФЕДЭРАЦЫЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА:
“Ён гэта распісвае, але потым ідзе тармажэнне часта, таму недарма гучала пытанне, а дзе ж адно акно?”.

Таму, прагназуюць эксперты, эканамічныя праблемы краіны наўрад ці развяжуцца нават крэатыўнымі “лятучымі атрадамі Сямашкі”. Бо сэнс эканамічнае палітыкі ўладаў застаецца нязменны – захоўваць хворае шляхам вынішчэння здаровага.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў