Як беларускія ўлады «дапамагаюць» этнічным беларусам з Украіны


Аляксандр Лукашэнка дазволіў украінскім грамадзянам з памежных вёсак перасякаць беларуска-ўкраінскую мяжу ў спрошчаным парадку і збіраць на беларускай тэрыторыі ягады і грыбы. Зроблена гэта на прапанову Дзяржаўнага памежнага камітэту дзеля таго, каб «даць магчымасць этнічным беларусам пракарміць свае сем’і ў цяжкі для Украіны час».

Спрошчаны парадак пераходу грамадзянамі Украіны мяжы для збору грыбоў і ягад будзе дзейнічаць з перапынкамі амаль тры месяцы – з 1 ліпеня да 10 жніўня і з 30 верасня да 15 лістапада. Паслабленне датычыцца ў першую чаргу дзесяці ўкраінскіх селішчаў у Рощненскай вобласці побач з Палескім лясгасам, што ў Беларусі.

Дырэктар лясгасу Аляксей Марыніч кажа, што некаторыя дамы ўкраінскіх грамадзянаў, большасць з якіх этнічныя беларусы, стаяць тут у некалькіх кіламетрах ад беларускай мяжы.

«Атрымліваецца так – у нас сцяна лесу стаіць, а ў іх, дзе раней быў лес, паляны. Там трыццаць метраў ад мяжы. Ёсць такая вёска Познань – 50 метраў. Ёсць вёска Забалоцце, у якой хлеў стаяў на тэрыторыі Беларусі. Жыхарам гэтых памежных вёсак дазволены збор дзікарослых грыбоў і ягадаў», – адзначыў Марыніч.

На тэрыторыі Палескага лясгасу – вядомыя Альманскія балоты, дзе вельмі шмат журавінаў. У лясгас уваходзяць больш за 30 тыс. гектараў лясоў і балот Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў, якія таксама багатыя на грыбы і ягады.

Кіраўнік лясной гаспадаркі адзначыў, што калі раней жыхароў памежных раёнаў афіцыйна не пускалі ў беларускія лясы, то чамусьці менавіта тут часцей ўзнікалі пажары. «Праблема ёсць. Шмат, вельмі шмат ходзіць украінцаў. У мінулыя гады не пускалі, дык пажары былі. Паляць! Тут i не зразумець толкам: палка з двума канцамі», – сказаў прадстаўнік лясгасу.

Ён лічыць, што трэба было б браць з украінцаў хоць невялікі збор за наведванне беларускіх лясоў. Але да прапановы лясгасу ніхто не прыслухоўваецца. «Вось я – беларус, хіба ж мяне пусцяць, каб я ва Украіне нешта збіраў і вывозіў? Няма такога», – падкрэсліў Марыніч.

Цяпер у паўднёвых лясах Беларусі пачаўся сезон чарніцаў. У вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёну ў ягады ходзяць і дарослыя, і дзеці. Вяскоўка Алена распавяла, што муж з сынам зарабляюць на чарніцах за дзень нядрэнныя грошы: «Калі ягады ёсць, то, вядома, можна зарабіць, чаму ж не. Удваіх, лічы, больш за сто долараў маюць за дзень».

Жанчына падкрэсліла, што ўкраінцы, якія жывуць у суседняй вёсцы Познань, ствараюць ім моцную канкурэнцыю. «Канкурэнцыя, вядома ж, будзе – збяруць. Іх шмат ходзіць. Вядома, і без іх бы сабралі. Гэта ўжо Лукашэнка дазваляе ім з 1 ліпеня», – дадала жанчына.

Тым часам Дзяржаўны памежны камітэт адзначае: тое, што ў гэтым годзе ягады паспелі рана, справакавала некаторых украінскіх грамадзянаў незаконна збіраць іх на беларускай тэрыторыі. За апошнія дні ў пошуках дароў прыроды мяжу парушылі паўтара дзясятка грамадзян Украіны і адзін беларус. Усе пераконвалі памежнікаў, што заблудзіліся.



МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў