Каму «Залатую бульбу»?


Арганізатары варшаўскага фестывалю беларускага кіно «Бульбамуві» распачынаюць прыём працаў на конкурсную праграму і абяцаюць, што сёлета будзе найбольш прэм’ераў. Гэта не толькі фільмы, але і кінапраекты з удзелам розных аўтараў.

Фільмы робяцца дзеля таго, каб потым іх паказваць, а не дзеля таго, каб яны ляжалі ў скрынках

Фестываль беларускага кіно ў Варшаве адбудзецца ў чацвёрты раз, аднак гэтым разам «Бульбамуві» пераязджае ў прэстыжны варшаўскі кінатэатр «Muranów».

У першы дзень фестывалю, 19 кастрычніка, адбудзецца прэм’ерны паказ фільма Сяргея Лазніцы «Майдан», які сёлета паказвалі на Канскім кінафестывалі. Таксама глядач пабачыць цэлы блок беларускай «кінаальтэрнатывы». «Гэта будуць тры поўнаметражныя стужкі, ігравое кіно, што зрабілі маладыя людзі з Беларусі», – гаворыць дырэктар кінафестывалю Януш Гаўрылюк.

Таксама чакаецца паказ стужкі Віктара Аслюка «Рускі» паводле аднайменнага твору Максіма Гарэцкага. «Мы цяпер вядзем перамовы аб гэтым, але ведаючы «Бульбамуві», давядзецца гэта зрабіць «па-партызанску». На сёння гэты фільм схаваны недзе ў куфэрку «Беларусьфільма». Але мы яго знойдзем і пакажам. Бо фільмы робяцца дзеля таго, каб потым іх паказваць, а не дзеля таго, каб яны ляжалі ў скрынках», – кажа Гаўрылюк.

Андрэй Кудзіненка і Януш Гаўрылюк, фота belsat.euАндрэй Кудзіненка і Януш Гаўрылюк, фота belsat.euНовыя міфы Беларусі

Рэжысёр Андрэй Кудзіненка прадставіць свой праект «Хранатоп» – эксперыментальны «туітэр-серыял», што складаецца з некалькіх кароткіх сюжэтаў. «Калі паспеем, то пакажам першы эцюд з серыі пад назваю «Таямніца гарбатай ямы», – дадаў Януш Гаўрылюк. У праекце маюць узяць удзел сярод іншых Адам Глобус, Віктар Марціновіч. А далучыцца да іх можа кожны.

«Будзе інтэрнэт-пляцоўка, куды можна будзе выкласці сваю працу. І стварыць такім чынам сучасны міфічны сусвет. Гэткая падсвядомая Беларусь з сакральнымі гісторыямі», – распавядае Андрэй Кудзіненка.

Мэта «Хранатопа» акрамя ўласна стварэння «новай міфалогіі» – прыцягнуць маладых людзей з Беларусі, якія хочуць займацца кіно.

Дзе браць геніяльныя сюжэты?

Вельмі часта сюжэты бяруцца адкульсьці «з космасу». А дастаткова паглядзець на жыццё, якое адбываецца вакол – і тады будзе шмат цікавых гісторый

Незалежнае беларускае кіно – гэта класічная «партызанка». Аўтары знікаюць таксама нечакана, як і з’яўляюцца. Таму куды паверне наш «партызанскі» кінематограф, спрагназаваць цяжка. «Конкурс стужак у межах фестывалю адбудзецца ўсяго толькі ў трэці раз і таму цяжка вызначаць нейкія тэндэнцыі», – заўважае Януш Гаўрылюк.

Калі «Бельбамуві» праводзіў першы конкурс кінастужак, то арганізатары атрымалі вялікую колькасць працаў. Але колькасць не заўжды пераходзіць у якасць. «Мы можам зазначыць праблемы беларускага незалежнага кіно. Галоўная – гэта недахоп сюжэтаў, добрых сцэнароў. Вельмі часта сюжэты бяруцца адкульсьці «з космасу». А дастаткова паглядзець на жыццё, якое адбываецца вакол – і тады будзе шмат цікавых гісторый, не трэба нічога выдумляць», – падкрэсліў дырэктар кінафестывалю.

Праз непрадказальнасць ды «партызанскасць» беларускіх творцаў, сёлета ў конкурснай праграме не будзе падзелу на катэгорыі (дакументальны фільм, анімацыя, мастацкі фільм). Працы можна дасылаць арганізатарам да 10 верасня. Пераможцаў традыцыйна чакаюць узнагароды: «Залатая бульба 2014» з прызам 2 500 злотых, «Срэбраная бульба 2014» (1 500 злотых), «Бронзавая бульба 2014» (1 000 злотых).

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў