Паралакс: Доўгая вытрымка


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Апроч самага таленавітага футбаліста планеты, радзіма Мэсі (Messi) дала свету вялікі геній у фатаграфіі. Ірына Вэрнінг (Irina Werning) ладзіць падарожжы ў часе пры дапамозе толькі двух здымкаў.

У 2010 годзе маладая аргентынка вяртаецца на радзіму пасля вучобы ў Лондане. Ёй даводзіцца наноў адкрываць горад свайго дзяцінства, а таксама нагадваць пра сябе сябрам, якія паспелі яе забыць. Адзін са старых-новых прыяцеляў раптам звяртаецца да Ірыны з просьбаю адсканаваць вясельныя фатаграфіі бацькоў, і фатограф, маючы шмат вольнага часу, бярэцца за справу.

Шпацыруючы неяк па горадзе, Вэрнінг выпадкова трапляе на вуліцу, дзе быў зроблены адзін з партрэтаў шлюбнай фотасесіі. Месца, на дзіва, зусім не змянілася: не паўсталі новыя будынкі, а фарба на старых мела такі самы колер, як 30 гадоў таму. Ірыне прыходзіць у галаву ідэя сфатаграфаваць бацькоў знаёмага ў гэтым месцы, у тых самых строях. Яна звязваецца з мамаю сябры. Аказалася, што захавалася нават арыгінальная белая сукенка, але жанчына адмаўляецца пазаваць, бо саромеецца сваіх кален, а сукенка вельмі адкрытая.

Тады фатограф вырашае даць жыццё іншым здымкам. Перабіраючы сямейны альбом школьнага прыяцеля Панча (Pancho), Ірына выбірае адзін з ягоных дзіцячых партрэтаў. Панча з пакутніцкаю ўсмешкаю пазуе фатографу: хлопцам ён ненавідзеў свае акуляры і пастаянна іх ламаў (маці ў якасці помсты з кожным разам набывала яму ўсё больш брыдкія), і цяпер ён камплексуе праз гэтае вычварэнства на носе. Сесію Вэрнінг вырашыла зарганізаваць на гаўбцы сваёй кватэры, каб спалучыць сонечнае святло і бляск успышкі. Было спякотна, у Панча, які быў у чорным строі, цёк пот, але ўсмешка выйшла на дзіва шчырая – акуляры былі што трэба.

Разглядаючы серыю Вэрнінг «Назад у будычыню» (Back to the Future), не можна не адчуць сапраўднай фізічнасці часу, які змяняе нас назаўсёды – як правіла, не ў лепшы бок. Здымкі аргентынкі – гэта фільм даўжынёю 30 гадоў, з якога выразалі ўсё, апроч першага і апошняга кадру.

Праблемы Вэрнінг адрозніваюцца ад клопатаў іншых фатографаў: знайсці для дарослага рэч як з дзіцячага фота – не лягчэй за здабычу снегу ў Сахары. Адзенне Панча, напрыклад, удаецца рэканструяваць пасля некалькіх дзён паходаў на блышыныя кірмашы і ў крамы вінтажнага адзення, а гальштук з патрэбнай эпохі выпадкова знайшоўся ў адной са сталічных школаў.

Пасля партрэту з Панчам знаёмыя пачалі масава прыходзіць да Ірыны і прасіць яе аднавіць старыя фатаграфіі. Калі жанчына публікуе першыя вынікі працы на сваім сайце, у Аргентыне пачынаецца сапраўдная лавіна рэканструкцыі фотакартак. Праз колькі гадоў Вэрнінг рушыць ў свет, каб вяртаць ў будучыню людзей з розных кантынентах. Не трэба сядзець і чакаць ейнага візіту щ Беларусь – паспрабаваць аднавіць здымкі з сямейнага архіву можна самастойна. Як мінімум, будзе вясёла.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары