КНДР пагражае Амерыцы вайною за забойства Кім Чэн Ына (відэа)


Прэм’ера камедыйнага баевіка «Інтэрвю», у якой забіваюць карэйскага лідара, прызначана на кастрычнік.

Паўночная Карэя паабяцала «бязлітасна пакараць» ЗША ў выпадку выхаду на экраны новага галівудскага баевіка пра забойства Кім Чэн Ына. Прадстаўнік міністэрства замежных справаў КНДР заявіў, што выпуск фільму будзе ўспрыняты як абвешчанне вайны.

Ён абмінуў назву фільму, аднак вядома, што на кастрычнік прызначаная прэм’ера фільму «Інтэрвю» з падобным сюжэтам.

{movie}Афіцыйны трэйлер фільма “Інтэрв’ю”|right|17159{/movie}

У гэтым вострасюжэтным камедыйным фільме граюць акторы Джэймс Франка (James Franco) і Сэт Роўген (Seth Rogen). Яны выконваюць ролі тэлевядоўцы і ягонага прадзюсара, якіх запрасілі ў Пхеньян для таго, каб узяць інтэрвю ў Кім Чэн Ына. Іх вярбуе ЦРУ з мэтаю забойства паўночнакарэйскага лідара.

У рэкламным відэароліку, размешчаным у сетцы «YouTube», ёсць кадры з падобным на Кім Чэн Ына акторам, а таксама сцэны баёў і запуску ядравых ракетаў.

«Вытворчасць і пракат фільму на тэму пра змову з мэтай забойства нашага правадыра ёсць недапушчальным актам агрэсіі і тэрарызму», – гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай афіцыйным агенцтвам навінаў КНДР. «Калі амерыканская адміністрацыя дазволіць дэманстрацыю гэтага фільму, будуць прынятыя бязлітасныя контрзахады», – напісана ў гэтым дакуменце.

Сэт Роўген, які таксама ёсць адным з рэжысёраў фільма «Інтэрвю», кажа, што ідэя карціны была навеяная апавяданнямі журналістаў, якія пабывалі ў Паўночнай Карэі. Паводле яго слоў, фільм задумваўся як гісторыя сустрэчы з Кім Чэн Ірам, але сцэнар давялося перапісаць пасля яго смерці ў 2011 годзе, калі да ўлады прыйшоў яго сын Кім Чэн Ын.

Паўночная Карэя цяпер утрымлівае ў сябе трох амерыканцаў. Апошнім з затрыманых стаў турыст Джэфры Эдўард Фол (Jeffrey Edward Faul), які пакінуў Біблію ў гатэлі.

АК, belsat.eu, паводле «Бі-бі-сі»

Стужка навінаў