Што заменіць беларусам пляжы Крыму?


У пошуку новых курортаў. Традыцыйна папулярны Крым, дзе штогод адпачывалі да 150 000 беларусаў, з аб’ектыўных прычынаў сёлета нашых суайчыннікаў амаль не прываблівае. Што ж цяпер можа стаць альтэрнатываю пляжам Ялты, Алушты ці Еўпаторыі?

{movie}На адпачынак у Палангу|right|17158{/movie}

ЛІЛІЯ КОБЗІК, РЭДАКТАРКА, «ТУРИЗМ И ОТДЫХ»:

“Яны недзе “размазаліся”, гэтыя кліенты. Большая частка адышла на Балгарыю, на Турцыю, на Грэцыю, Чарнагорыю. Усё ж такі, хто хацеў цёплага мора, едзе на цёплае мора”.

Але частка былых крымскіх турыстаў усё ж пераарыентавалася і на адносна прахалодную Балтыку, дзе адзін з найбольш папулярных курортаў – Паланга.

Што праўда, каб тут адпачыць, у адрозненне ад таго ж Крыму, беларусам патрэбная віза, ды і асаблівасці халаднейшага клімату імпануюць далёка не ўсім. Але наплыву турыстаў з Беларусі тут чакаюць у найбольш гарачыя месяцы – у ліпені ды жніўні, прычым не толькі тых, хто памяняў на Палангу Крым, але і сталых кліентаў.

БІРУЦЕ ЖЭЛЬВІЕНЕ, УЛАДАЛЬНІЦА ГАТЭЛЮ «LĄŠAS – STEAK HOUSE»:

“Тыя з беларусаў, хто прыязджаў хоць аднойчы, заўсёды вяртаюцца. Па прозвішчах, нумарах аўтаў мы бачым, што кліенты тыя ж”.

Звычайна гэта аматары лагоднага клімату, чыстага паветра, пясчаных пляжаў і дэмакратычных коштаў. Ноч у гасцініцы каштуе ад 30 еўраў, у прыватным жа сектары – значна танней. За абед на аднаго чалавека заплаціце 5 еўраў.

ТУРЫСТЫ:

“Кошты добрыя, даступныя. І абслугоўванне вельмі добрае”.

“Калі мне было ўсяго некалькі месяцаў, мы сталі прыязджаць, і цяпер ужо прыйшоў той час, калі я прыязджаю з дачкою. Нам падабаецца клімат, ён блізкі да нашага”.

“Мне заўжды тут вельмі падабаецца, незалежна ад надвор’я”.



З тым, што ў Паланзе суадносіны кошту і якасці абслугоўвання амаль ідэальныя, пагаджаюцца і адмыслоўцы.

ЛІЛІЯ КОБЗІК, РЭДАКТАРКА, «ТУРИЗМ И ОТДЫХ»:

“Такая інфраструктура, такая атмасфера, такі камфорт, сэрвіс, такая блізкасць да нас і такое стаўленне да беларускіх турыстаў. Без гэтага ўжо шмат хто з нашых людзей не ўяўляе сабе летняга адпачынку”.



Нягледзячы ж на тое, што пэўную колькасць часу пры падарожжы з Беларусі ў Літву забірае пераход мяжы, дарога ў Палангу і так карацейшая за шлях у Крым.

ЖЫДРЭ ГАВЯЛІЕНЕ, ПРЭЗІДЭНТ ТУРЫСТЫЧНАЙ ПАЛАТЫ ЛІТВЫ:

“Менск недалёка ад Вільні, а Паланга – тры з паловаю гадзіны дарогі ад Вільні. Каб людзям прыехаць у Палангу з Менску, гэта зойме каля аднаго дня”.

А будзе яшчэ лепш – абяцаюць тураператары. Цяпер ідуць перамовы паміж беларускім і літоўскім бакамі аб увядзенні чартарнага авіярэйсу “Менск – Паланга”, які зэканоміць турыстам прынамсі дзень каштоўнага адпачынку.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў