«Задача была галоўная – расправіцца з камунізмам і заваяваць незалежнасць»


24–25 чэрвеня 1989 года ў Вільні адбыўся першы ўстаноўчы сход Беларускага Народнага Фронту. І праз 25 гадоў заснавальнікі першага масавага дэмакратычнага руху ў БССР, ды неўзабаве і самай масавай палітычнай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь, заклікаюць…

МІКОЛА КУПАВА, АДЗІН З ЗАСНАВАЛЬНІКАЎ БНФ, МАСТАК:

“Не забывацца на нашыя ідэалы 1-га ўстаноўчага з’езду і нашую гісторыю, і ісці наперад”.

ВІНЦУК ВЯЧОРКА, АДЗІН З ЗАСНАВАЛЬНІКАЎ БНФ:

“Гэта была першая ў найноўшай гісторыі зборка, у якой паядналіся вялікія групы самых актыўных людзей, як маладзейшых, майго пакалення, так і старэйшых”.

{movie}25-годдзе ўстаноўчага сходу БНФ |right|17157{/movie}

Дзякуючы гэтай актыўнасці ўжо праз два гады ад устаноўчага з’езду, на выбарах у Вярхоўны Савет 12-га склікання, прадстаўнікі Фронту атрымалі 37 дэпутацкіх месцаў, ламаючы ўладную манаполію наменклатурнай большасці.

ЗЯНОН ПАЗНЯК, ПЕРШЫ СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ БНФ:

“Задача была галоўная – расправіцца з камунізмам і заваяваць незалежнасць. Дзве задачы было ў Народнага Фронту, а рэшта ўся вынікала, дэмакратыя вынікала з незалежнасці, гэта само сабой разумелася. Так вось, і першую, і другую задачы ўдалося выканаць”.

Апроч таго, праўда пра Курапаты і Чарнобыль, шматтысячныя акцыі пратэстаў на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х, гэта ўсё таксама на рахунку Беларускага Народнага Фронту.

ЗЯНОН ПАЗНЯК, ПЕРШЫ СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ БНФ:

“Калі б мы не мелі незалежнасці, мы б не мелі ніякай перспектывы, пакуль існуе незалежнасць – ёсць перспектыва. Гэта тое, што ёсць у нас цяпер, вырашаецца намі самімі”.



Праз два гады пасля прыходу да ўлады свайго пераможнага канкурэнта на прэзідэнцкіх выбарах Зянон Пазняк, баючыся за сваё жыццё, з’ехаў з краіны. Але рыторыка першага лідара Народнага Фронту і заявы пра незалежнасць, нават з эміграцыі і нават праз 25 гадоў пасля ўстаноўчага сходу, гучаць надзвычай актуальна, асабліва на тле ўкраінскіх падзеяў.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў