«Трэба так! Дбай пра сваё!» Фестываль беларускамоўнай рэкламы «Ad.nak!» падвёў вынікі


Пяты, юбілейны фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыяў “Ad.nak!” сабраў рэкордную колькасць наведнікаў адукацыйнай праграмы. Атрымаць новыя веды ў галіне рэкламы прыйшлі больш за 200 асобаў.



Уласна з адукацыйнай праграмы сёння і пачаўся вялікі фестывальны дзень. А 10-й раніцы стартавалі адмысловыя майстар-класы вядомых беларускіх рэкламістаў. Тэмы – самыя розныя. Ад беларускай мовы ў бізнесе да пабудовы беларускіх канцэпцыяў у брэндынгу.

{movie}«Ad.nak!» падвёў вынікі |right|17156{/movie}

СЯРГЕЙ СКАРАХОД, АРГАНІЗАТАР «AD.NAK!»:

“Асноўнае, што ўдзельнікі вынеслі, – гэта тое, што трэба вучыцца на лепшых сусветных узорах. Але здолець знайсці тое беларускае, тое нацыянальнае, каб гэта было сучаснае, каб гэта не было чарговай саломкаю”.

Пра асноўныя сёлетнія дасягненні арганізатары фэсту “Ad.nak!” распавялі ўжо пасля заканчэння адукацыйнай праграмы.

НІНА ШЫДЛОЎСКАЯ, АРГАНІЗАТАРКА «AD.NAK!»:

“Сёлета вельмі шмат крэатыўнай моладзі, і ўжо прафесійнай, падавала працы на фестываль. Працаў стала значна больш, каля 300 было пададзена. Каля 100 пераможцаў, таму што вельмі моцныя работы сёлета падаваліся”.

І вось урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў сёлетняга фэсту “Ad.nak!”. Агулам было 18 намінацыяў, у тым ліку антыпрэмія. “Каша сувораўская” прыгатаваная для тых, хто ігнаруе факты беларускай гісторыі ды традыцыі айчыннай культуры ў сваіх рэкламных паведамленнях.

АНАТОЛЬ ЛАЗАР, СЯБРА ЖУРЫ «AD.NAK!»:

“У антыпрэміі “Каша Сувораўская” з года ў год змяншаецца колькасць працаў. Журы працаваць становіцца ўсё складаней, але гэта прыемна. Я думаю, узровень адукацыі, прафесійнасці пераважае ў тым ліку і пры работах з беларускай моваю”.

Першых пераможцаў фестывалю “Ad.nak!” пачалі называць бліжэй да вечара. Узнагароды ў выглядзе пяціканцовага клічніка далі за найлепшую беларускамоўную тэлевізійную, друкаваную і вонкавую рэкламы і гэтак далей.

ВАЛЕРЫЯ ЛАПАНІК, ПРАДСТАЎНІЦА ПЕРАМОЖЦЫ:

“Атрымала гран-пры нашая праца “Велікодныя яйкі”. Гэта праца прысвечаная тэме таго, што падчас велікодных выходных адбываецца вельмі шмат аварыяў на дарогах у сувязі з тым, што ў прынцыпе шмат аўтамабіляў, і, на жаль, некаторыя сядаюць нецвярозыя за стырно”.

Традыцыйна фэст “Ad.nak!” суправаджаўся выкшталцонаю музычнаю праграмаю.

Не абышлося тут і без прэм’ераў. Напрыклад, гурт “Tanin Jazz” прэзентаваў сваю першую цалкам беларускамоўную праграму. Вельмі сімвалічна для такога фестывалю.

Аляксей Мінчонак, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў