У Расеі паставяць патрыятычную оперу-мітынг «Крым»


Прэм’ера патрыятычнай оперы «Крым» пройдзе ў Санкт-Пецярбургу 10 ліпеня – у Дзень вайсковай славы Расеі і Дзень перамогі Расеі ў Палтаўскай бітве, паведамляецца на афіцыйным сайце тэатру «Санктъ-Петербургъ Опера».



У аснову спектакля пакладзена опера «Севастопальцы» пра абаронцаў гораду-героя, напісаная савецкім кампазітарам Мар’янам Ковалем адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. Па планах аўтараў, спектакль «Крым» будзе інтэрактыўным – ён заяўлены як опера-мітынг. У рамках спектакля гледачы змогуць публічна выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, заяўляюць арганізатары.

«Гэта будзе опера-мітынг, з публікай, якая прымае самы жывы ўдзел у дзеі. У адной з драматычных сцэнаў гледачы змогуць адказаць на заданыя пытанні, стаўшы не проста ўдзельнікамі незвычайнага спектакля, але выказаўшы сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта будзе абсалютна новы жанр, якога, па сутнасці, яшчэ не было», – гаворыцца ў паведамленні тэатру.

У патрыятычным спектаклі будуць задзейнічаны вайскова-гістарычныя клубы, дзіцячыя танцавальна-харавыя калектывы. Па словах рэжысёра оперы, народнага артыста Расеі Юрыя Аляксандрава, кампазітар Мар’ян Коваль даў яму падставу звярнуцца і да даўніх падзеяў, такіх, як расейска-турэцкая вайна, і да сучаснай гісторыі Крыму.

У пачатку сакавіка 2014 года ў Маскве затрымалі каля 320 удзельнікаў мітынгу супраць ўварвання Расеі ва Украіну.



МЯ, belsat.eu, паводле korrespondent.net, telegraf.by

Стужка навінаў